RFE/RL |
Пятніца, 3 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Менскі гарадзкі выканкам не дазволіў абедзьвюм Камуністычным партыям правесьці 7 лістапада дэманстрацыю па праспэкце Францішка Скарыны й мітынг на пляцы Незалежнасьці. Камуністы пакрыўдзіліся ды ўвогуле адмовіліся ад усялякіх вулічных акцыяў да гадавіны кастрычніцкага перавароту ў Расеі. Напярэдадні 7 лістапада, прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі (Віктара Чыкіна), і Партыі камуністаў Беларускай (Сяргея Калякіна) накіравалі ў гарадзкі выканкам заяўкі з просьбаю дазволіць ім правесьці акцыі ў цэнтры Менску. Апазыцыйныя камуністы з ПКБ хацелі прайсьці ад Цэнтральнага ці Кастрычніцкага пляцу да пляцу Незалежнасьці, праўрадавыя камуністы з КПБ — у адваротным кірунку, ад пляцу Незалежнасьці да пляцу Перамогі. Аднак сталічныя ўлады сьвята камуністам сапсавалі. Гарадзкі выканкам дазволіў КПБ правесьці мітынг на пляцы Бангалёр, а ПКБ — на пляцоўцы ля прахадной Трактарнага заводу. Паводле памочніка намесьніка старшыні менскага гарадзкога выканкаму Анатоля Астахава, акцыі на цэнтральных пляцах сталіцы праводзяцца толькі ў дні дзяржаўных сьвятаў, а 7 лістапада ёсьць толькі сьвятам афіцыйным, што не адное й тое ж. (Нагадаю, што ў якасьці афіцыйнага сьвята дзень 7 лістапада быў зацьверджаны Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня па прапанове Аляксандра Лукашэнкі ўвесну 1995 году.) Усе апошнія гады камуністы ладзілі свае дэманстрацыі менавіта ў цэнтры Менску. Атрымаўшы адмову, апазыцыйныя і праўрадавыя камуністы пакрыўдзіліся, і вырашылі навогул не праводзіць ніякіх вулічных акцыяў — толькі сходы. Цікава, што прадстаўнікі і ПКБ, і КПБ вінавацяць улады ў наўмысным зрыве сьвяткаваньня 7 лістапада. Гаворыць сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган: (Скрыган: ) “І на 1 мая не было ніякіх дэманстрацыяў па цэнтральным праспэкце гораду Менску. Ужо не дазволена і на 7-га. Чаму? Мы лічым, што вельмі ясна і зразумела. Таму што гучаць непрыемныя словы для ўладаў нават на гэтых сьвятах. Нерыемныя словы, і непрыемныя лёзунгі”. Лічыць Алена Скрыган. А вось меркаваньне кіраўніка справаў ЦК КПБ Леаніда Школьнікава: “Нам здаецца, што нейкая частка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі хоча выклікаць незадаволенасьць. Ні для каго не сакрэт, што ў нас ёсьць левы электарат. Вось, відаць, і хочуць выклікаць незадаволенасьць левага электарату напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў”, — заявіў Леанід Школьнікаў. Камуністы–чыкінцы накіравалі, з нагоды забароны мітынгу й шэсьця ў цэнтры Менску адмысловы зварот у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем знайсьці й пакараць вінаватых у зрыве іхных акцыяў. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |