RFE/RL |
Пятніца, 3 Лістапада 2000 |
Сёньня: |
(эфір 4 лістапада) Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі. Апошнім часам рэзка пагаршаюцца эканамічныя стасункі Беларусі з Расеяй. Для беларускіх тавараў у гэтай краіне абвастрылася канкурэнцыя. Адначасова пачалася экспансія расейскіх тавараў на беларускі рынак. За першыя восем месяцаў году рост беларускага экспарту у Расею дасягнуў 17,5%, а імпарту адтуль — 57,5%, у 3,3 разы болей. Адмоўнае гандлёвае сальда дасягнула 1200 млн. даляраў, што стала поўнай нечаканасьцю для “інтэгратараў”. Многія буйныя беларускія прадпрыемствы, такія як “БелОМА”, АТ “Элема”, АТ “Фарфор” і цэлая група прадпрыемстваў канцэрна “Беллеспаперапрам” вымушаныя былі адчувальна зьнізіць экспарт на ўсход. Чаму так сталася? Прычынаў шмат. Перш за ўсё, у Расеі праведзены пэўныя рынкавыя рэформы, якія адкрылі прастору для разьвіцьця вытворчасьці. А ў Беларусі гэта не адбылося. Як можа пачувацца на расейскім рынку беларуская мэбля, калі суседзі за апошні год нарасьцілі аб’ёмы вытворчасьці мэблі на 165%, а ў Маскоўскай вобласьці — на ўсе 300%? Як надоечы заявіў дырэктар АЗТ “Пінскдрэў” Ларан Арыніч, у Расеі паўсталі нібы з попелу тыя прадпрыемствы, якія лічыліся зьніклымі. Другая прычына — няроўныя ўмовы канкурэнцыі. У Расеі на 3% ніжэйшыя падаткі на прадпрыемствы, ці не ўдвая таньнейшыя энэргарэсурсы, значныя заходнія інвэстыцыі. З гэтае прычыны Беларусь прайграе цэнавую канкурэнцыю. Даводзіцца ўвесь час зьніжаць цэны. І дазьніжаліся да таго, што няма рэсурсаў для інвэстыцыяў. Апроч таго, на расейскай мяжы няма парадку з мытным афармленьнем тавараў з трэціх краінаў. Напрыклад, рэгіструецца толькі кожны дзясяты імпартны тэлевізар. Да таго ж апошнім часам усходняя суседка запатрабавала падвышэньня мыта на імпартуемыя зь Беларусі 200 відаў тавараў. Беларусь, праўда, з гэтым пакуль не пагаджаецца, але што азначае гэтая нязгода ва ўмовах нераўнапраўных адносінаў. Пагаршэньне эканамічных стасункаў з Расеяй зьвязана з тэхналягічнай адсталасьцю. Так, Менскі мотавелазавод губляе сёньня ня толькі расейскі, але й турэцкі рынак з прычыны састарэлае тэхналёгіі ды нізкай якасьці. Аднабаковая арыентацыя на расейскі рынак і няроўнасьць у канкурэнцыі разбурае беларускую эканоміку і зь іншага боку. Як вядома, Эўрапейскі Зьвяз супраць увозу некаторых беларускіх тавараў надоечы ўвёў антыдэмпінгавыя санкцыі. Міністэрства замежных справаў зьбіраецца ўвесьці санкцыі ў адказ. А вось супраць відавочнага дэмпінгу з расейскага боку беларускія ўлады, зачараваныя інтэграцыяй, прыняць меры ня ў стане. Уладзімер Кулажанка, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |