RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 3 Лістапада 2000

Сёньня



З 97-мі абраных дэпутатаў новае “Палаты прадстаўнікоў” ёсьць толькі два палітыкі, якія выказвалі апазыцыйныя погляды, — старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Яблоко” Вольга Абрамава й лідэр “Маладзёвага Форуму” Ўладзімер Навясяд, які прыпыніў сваё сяброўства ў АГП. У інтэрвію нашаму радыё Вольга Абрамава і Ўладзімер Навасяд заявілі, што спадзяюцца знайсьці сярод новых дэпутатаў аднадумцаў.

Вольга Абрамава ды Ўладзімер Навасяд балятаваліся ў менскіх акругах. Яны здолелі перамагчы канкурэнтаў, істотна адстаючы ад іх пасьля першага туру галасаваньня. Уладзімер Навасяд так патлумачыў прычыны такога посьпеху:

(Навасяд: ) “Ведаеце, у першым туры было пяць дзён папярэдняга галасаваньня, у другім туры гэтага ўжо не было. Вось гэты адміністрацыйны рэсурс, які дапамагаў у першым туры, у другім проста не спрацаваў. Па-другое, у другім туры пайшлі людзі, якія ў першым туры не галасавалі. Гэта, у асноўным, людзі сярэдняга ўзросту і маладыя людзі, якія зрабілі свой выбар”.

Такім чынам, Уладзімер Навасяд ня лічыць, што адміністрацыйны рэсурс меў істотнае значэньне. Вольга Абрамава такой жа думкі. Яна зазначае, што большай небясьпекаю было тое, што ва ўладу на гэтых выбарах пайшоў бізнэс сумніўнага паходжанья. Гэта пагроза і для грамадзтва, і для ўлады — лічыць Вольга Абрамава:

(Абрамава: ) “Як удалося перамагчы? Я думаю, што гэта адбылося ў значнай ступені за кошт таго, што людзі хочуць пераменаў. Гэта была самая брудная кампанія, якую я назірала за многія гады. Тое, што бізнэс сумніўнага паходжаньня ідзе ва ўладу — гэта вялікая небясьпека, гэта крыміналізацыя ўлады — тое ж, што можа вырасьці з гэтага, — гэта алігархія і мафія”.

Тым ня менш, Вольга Абрамава менавіта з новай “Палатаю прадстаўнікоў” зьвязвае свае спадзевы:

(Абрамава: ) “Перамены ў нашай краіне, як гэта парадаксальна ні гучыць, пойдуць менавіта з парлямэнту. Можна па-рознаму ставіцца да Палаты прадстаўнікоў, але будзе пэўны імпульс, які пойдзе менавіта адтуль. Улада ня можа не лічыцца з жаданьнем пераменаў, якое ёсьць у грамадзянаў”, — заявіла Вольга Абрамава.

Уладзімер Навасяд таксама лічыць, што новая “палата” будзе іншай, чым папярэдняя. Але ахарактарызваць яе ён зможа дзесьці празь месяц працы.

Некаторыя апазыцыйныя дзеячы ўжо назвалі тандэм Абрамавай і Навасяда — “каструктыўнай” і “прызначанай” апазыцыяй ў “Палаце прадстаўнікоў”. Уладзімер Навасяд выказвае свае адносіны да падобных ацэнак:

(Навасяд: ) “Што значыць “назначаная” апазыцыя? Мяне абралі людзі, канкрэтныя грамадзяне, якія ў акрузе жывуць. Прызначылі тых дэпутатаў, якія зь першага туру прайшлі, разумееце? І, нават, у сельскай мясцовасьці, а не ў горадзе, тым больш у Менску. Якраз я выбары выйграў. Ведаеце, нашаму пакаленьню… пройдзе час, і людзі, якія ў нармальнай дзяржаве, агледзеўшыся на ўчорашні дзень, вызначацца, каго назваць дэмакратам…”

Падкрэсьліў дэпутат “Палаты прадстаўнікоў” Уладзімер Навасяд.

Сваю пазыцыю ў новай “палаце” Вольга Абрамава акрэсьліла так:

(Абрамава: ) “Я — прыхільнік лібэральнага падыходу да эканомікі й моцнай сацыяльнай адраснай абароны. Я — дзяржаўнік, лічу, што мушу адстойваць нацыяльныя і дзяржаўныя інтарэсы Беларусі як сувэрэннай і ў пэрспэктыве — дэмакратычнай эўрапейскае краіны. Наш шлях праходзіць у Эўропу, пры гэтым нам трэба захоўваць асаблівыя адносіны з Расеяй, роўна як і з Эўропаю”, — адзначыла Вольга Абрамава.

Уладзімер Навасяд зьбіраецца адстойваць падобную ж пазыцыю:

(Навасяд: ) “Я буду адстойваць тую ж пазыцыю, што адстойваў раней: Беларусь – гэта незалежная, сувэрэнная дзяржава, якая знаходзіцца ў Эўропе. У эўропе яна таксама павінна і застацца. Яна павінна інтэгравацца ў міжнародныя інстытуты і структуры, дзе яна сёньня не прысутнічае”.

Вольга Абрамава спадзяецца знайсьці ў “палаце” аднадумцаў, але ня лічыць галоўным іх структурнае афармленьне ў фракцыю:

(Абрамава: ) “Я думаю, што будзе нямала людзей з поглядамі, блізкімі да нашых. Гэта людзі, якія гатовы канструктыўна працаваць з любой законна абранай уладаю, і гэта людзі, якія ў той жа час пасьлядоўна і ўпарта будуць дамагацца пераменаў…”, — гэта была Вольга Абрамава.

Уладзімер Навасяд таксама спадзяецца знайсьці аднадумцаў, але, у адрозьненьне ад Абрамавай, лічыць важным, каб яны былі аб’яднаныя ў асобную фракцыю.

(Навасяд: ) “Неабходная такая фракцыя, бо нягледзячы на тое, што выбары праходзяць па аднамандатных акругах, але калі дэпутат туды праходзіць, яму неабходна працаваць у камандзе,”

— падкрэсьліў Уладзімер Навасяд.

І Вольга Абрамава, і Ўладзімер Навасяд рэзка крытыкавалі кампанію байкоту. Спадарыня Абрамава зазначыла, што даўно ўжо ня мае стасункаў з гэтак званай “радыкальнай апазыцыяй”, пра што, праўда, шкадуе. Уладзімер Навасяд падкрэсьліў, што, хутчэй за ўсё, разьвітаецца з АГП, але на гэты момант канчатковае рашэньне яшчэ не прыняў.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org