RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 2 Лістапада 2000

Сёньня:



У Менску адбылося паседжаньне страйкавага камітэту прыватных прадпрымальнікаў Беларусі. Было вырашана правесьці 23 лістапада на рэчавых кірмашох краіны аднадзённы папераджальны страйк.

У паседжаньні страйкавага камітэту бралі ўдзел лідэры арганізацыяў, якія аб’ядноўваюць прадстаўнікоў дробнага бізнэсу. Такія арганізацыі створаныя “чаўнакамі” ў дзясятках гарадоў Беларусі, і пераважная большасьць іх увайшла ў склад мясцовых прафсаюзаў. У прыватнасьці, удзельнікамі сёньняшняга сходу сталі прадстаўнікі Незалежнага й Свабоднага прафсаюзаў, Менскага й Беларускага прафсаюзаў прадпрымальнікаў.

“Чаўнакоў” згуртавала агульная пагроза. Гаворыць лідэр Свабоднага прафсаюзу прыватных прадпрымальнікаў Дзяржынску Валеры Сіманаў:

“Раней прадпрымальнікі былі вызваленыя ад мытнага афармленьня тавараў трэціх краінаў, якія ўвозяцца ў Беларусь з тэрыторыі Расеі. Зь 1 кастрычніка кітайскія, турэцкія або індыйскія тавары абкладаюцца мытамі й падаткам на даданую вартасьць. Калі, напрыклад, імпартныя рэчы каштуюць 100 даляраў, дык, у адпаведнасьці з новаўвядзеньнем, прадпрымальнік мусіць дадаткова выплаціць дзяржаве 40 даляраў. Парушэньні караюцца штрафам ад 100 да 500 мінімальных заробкаў”, — зазначыў дзяржынскі прадпрымальнік Валеры Сіманаў.

Як адзначалася на паседжаньні, гэткія ж праблемы непакояць гандляроў Віцебску, Магілеву, Гомля, Баранавічаў, Воршы ды іншых гарадоў. Іхныя прадстаўнікі выказаліся за намер каардынаваць свае дзеяньні зь лідэрамі сталічных гандляроў. На думку Валерыя Сіманава, трэба прымусіць улады скасаваць мытныя новаўвядзеньні. Гэтая ініцыятыва была падтрыманая іншымі сябрамі страйкавага камітэту, якія прагаласавалі за тое, каб 23 лістапада правесьці на рэчавых кірмашох аднадзённы папераджальны страйк.

Гаворыць сябра страйкаму зь Менску Леанід Каліценя:

“90 адсоткаў рэгіёнаў падтрымліваюць ідэю страйку. У некаторых месцах страйкі ўжо пачаліся, аднак яны адбываюцца стыхійна і няўзгоднена зь іншымі гарадамі. Страйкам жа мае на мэце гэтыя дзеяньні скаардынаваць. Сёньня мы ўдакладнілі тэрмін, форму страйку й патрабаваньні. І зараз мы давядзем гэта да першасных арганізацыяў у рэгіёнах. Інакш кажучы, зоймемся працаю ў справе падрыхтоўкі гэтай акцыі”, — так пракамэнтаваў сёньняшняе рашэньне страйкаму Леанід Каліценя.

На паседжаньні страйкаму прагучала таксама, што, калі ўлады ня выканаюць патрабаваньні гандляроў, тыя адкажуць іншымі акцыямі пратэсту. У прыватнасьці, мяркуецца зь 1 студзеня 2001 году спыніць выплату плацяжоў у бюджэт ды абвясьціць па ўсёй краіне аднамесячны страйк.

Міхал Стэльмак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org