RFE/RL |
Чацьвер, 2 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла са зваротам, у якім заклікае грамадзянаў Беларусі і прадстаўнікоў міжнародных структураў паўзьдзейнічаць на ўлады краіны, каб тыя прыпынілі працэс перарэгістрацыі СМІ, стварылі роўныя эканамічныя ўмовы для мэдыяў усіх формаў уласнасьці, а таксама спынілі перасьлед недзяржаўных газэтаў. Галоўнай прычынаю зьяўленьня гэтага звароту стала незаконная, на думку сяброў Асацыяцыі журналістаў, перарэгістрацыя да 1 студзеня 2001 году сродкаў масавай інфармацыі ў якасьці суб’ектаў гаспадараньня. Адпаведны дэкрэт Аляксандар Лукашэнка выдаў яшчэ на пачатку гэтага году. На думку аўтараў звароту, большасьць беларускіх незалежных газэтаў (найперш рэгіянальных) можа быць неўзабаве зьліквідаваная. Яны ня маюць магчымасьці прайсьці перарэгістрацыю з-за неакрэсьленае нарматыўна-праўнае базы гэтага працэсу. У звароце таксама адзначаецца, што ўлады ствараюць масу бюракратычных перашкодаў, каб адмовіць рэдакцыям у перарэгістрацыі. Кіраўніцтва БАЖ таксама абуранае тым, што на незалежныя СМІ аказваецца эканамічны ціск (у прыватнасьці, яны мусяць плаціць за распаўсюджваньне выданьняў больш, чым дзяржаўныя). У той жа час улады павялічваюць фінансаваньне падкантрольных ім СМІ. Пачасьціліся выпадкі сілавога ціску на незалежныя СМІ (канфіскацыя накладаў, арышт друкарскага абсталяваньня, вялікія штрафы). Кіраўніцтва БАЖ патрабуе, каб улады спынілі перарэгістрацыю да часу прыняцьця законаў, што адпавядаюць міжнародным стандартам, стварылі роўныя ўмовы для дзейнасьці СМІ розных формаў уласнасьці, ды спынілі перасьлед незалежных мэдыяў. Кіраўніцтва асацыяцыі, таксама просіць накіраваць у Беларусь назіральнікаў ад міжнародных структураў дзеля кантролю за разьвіцьцём сытуацыі ў галіне СМІ ў пэрыяд падрыхтоўкі й правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. Адзін з аўтараў гэтага звароту, кіраўнік Цэнтру праўнае дапамогі СМІ Міхал Пастухоў лічыць, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі ўлады вырашылі правесьці зачыстку інфармацыйнае прасторы краіны. Гаворыць Міхал Пастухоў: (Пастухоў: ) “Тут больш прэвалююць палітычныя мэты. Паколькі набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары, было б някепска правесьці інфармацыйную зачыстку ў адносінах да недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. У самым цяжкім стане апынецца рэгіянальная прэса. Можа гэта і ёсьць галоўная мэта кампаніі перарэгістрацыі, паколькі на месцах электарат застанецца без аб’ектыўнай інфармацыі”. Гэта быў камэнтар кіраўніка Цэнтру праўнае дапамогі СМІ Міхала Пастухова. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |