RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 2 Лістапада 2000

Сёньня



Прэм’ер-міністар Ярданіі Алі Абу Рагхэб знаходзіцца з візытам у Іраку. Мэта візыту – кантракт на закупку нафты. Упершыню з 1990 году Ярданія парушыла міжнародныя санкцыі супраць Іраку.

Ужо сам па сабе факт візыту палітыка такога высокага рангу – сенсацыйны. Аднак выглядае, што гэта – не выпадковасьць, а пачатак заканмернага працэсу, які можа кардынальна зьмяніць міжнароднае становічшча краіны-ізгоя. Дадамо, што ярданскі прэм’ер прыляцеў не адзін: на борце ляйнэру авіякампаніі Royal Jordanian знаходзяцца каля сотні прадстаўнікоў істэблішмэнту – бізнэсоўцы і журналісты. Прэм’ер прывез асабістае пасланьне Садаму Гусэйну ад караля Ярданіі Абдаллы.

На гэтым тыдні ў міжнародным аэрапорце Багдаду, які апошнія дзесяць гадоў быў зачынены для камэрцыйных міжнацыянальных рэйсаў, прызямліліся восем замежных авіяляйнэраў; назіральнікі не выключаюць, што ў лістападзе могуць пачацца рэгулярныя авіярэйсы і з Масквы.

На першы погляд, галоўны фактар, які ўплывае на парушэньне арабскімі краінамі санкцыяў да Іраку – ізраільска-палестынскі канфлікт. Як вядома, арабскія краіны лічаць, што пад час гэтага канфлікту ізраільскія вайскоўцы выкарыстоўваюць неадэкватна моцныя і брутальныя мэтады ў дачыненьні да палестынцаў.

“Грамадзства арабскіх краінаў ўсё больш цікавіць, чаму міжнародныя санкцыі ўсё яшчэ дзейнічаюць у дачыненьні да Іраку, і чаму пры гэтым ААН ніяк не ўплыва на Ізраіль,” – адзначае сёньня Times.

Але больш глыбінная прычына размарожваньня ўзаемаадносінаў шэрагу арабскіх краінаў з Іракам – гэта нафта. А больш дакладна – рост коштаў на нафту. Дарэчы, Ярданія зьбіраецца падпісаць з Іракам дамову аб будаўніцтве нафтаправоду даўжынёй у 750 кілямэтраў. Тым самым Ярданія фактычна пазбаўляецца брытанскага кантролю за экспартам іракскай нафты.

Аднак ня меншую (калі ня большую) цікавасьць да іракскай нафты выяўляюць і эўрапейскія краіны, асабліва тыя, якія гэтым летам спазналі страйкі і блякаду галоўных аўтамагістраляў з прычыны падвышэньня коштаў на паліва.

Ірак здабывае больш за 2 мільёны барэляў нафты ў дзень і, патэнцыйна, здольны рэалізаваць мільярдныя кантракты з Францыяй, Кітаем і Расеяй, якія, нагадаем, зьяўляюцца членамі Рады Бясьпекі ААН. Пры гэтым вельмі істотна тое, што Ірак будзе весьці разьлікі не ў амэрыканскіх далярах, якія ён лічыць “варожай валютай”, а ў эўра. Аб’ектыўна гэта можа вельмі моцна паспрыяць росту курсу адзінай эўрапейскай валюты адносна амэрыканскага даляра. І ў гэтым, натуральна, зацікаўленыя эўрапейскія краіны.

Сяргей Навумчык, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org