RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 2 Лістапада 2000

Сёньня



На Каралінаўскіх могілках, што на сумежжы Мядзельскага й Пастаўскага раёнаў, на Дзяды адбылося ўшанаваньне памяці ўдзельніка паўстаньня 1863 года Фларыяна Даноўскага. Намаганьнямі сябраў філіі Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ ды мясцовых жыхароў прыведзены ў належны стан помнік славутаму земляку.

Надпіс на магільнай пліце, зроблены сучасьнікамі Даноўскага, гучыць: “…Усё сваё жыцьцё ён прысьвяціў свабодзе Польшчы ды Літвы. У 1863 годзе за другі ўдзел у паўстаньні пайшоў у Сібір у кайданах. Пасьля вяртаньня зь сібірскіх капальняў памёр і пахаваны тут, у Каралінаве”.

Мядзельскі мастак Алесь Цыркуноў, адзін зь ініцыятараў ушанаваньня памяці Даноўскага на Дзяды, распавёў, што помнік (а гэта дзьве пліты з рымскім крыжам пасярэдзіне) быў вернуты да жыцьця выпадкова. Дзесяцігодзьдзямі людзі хадзілі побач, не ведаючы, хто знайшоў вечны спачын пад камянямі з амаль сьцёртымі літарамі. Але ўжо пад канец лета ксёндз з прыходу Камаева адслужыў адмысловую імшу па памерламу ў 1902 годзе Фларыяну Даноўскаму.

Менавіта з гэтае пары на Каралінаўскія могілкі пачалі прыяжджаць зь Вільні, Варшавы. А догляд за помнікам узяла на сябе мясцовая філія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, бо, як сьведчыць спадар Цыркуноў, ніякіх сваякоў Даноўскага знайсьці пакуль не ўдалося.

Гісторык-літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў лічыць, што спозьненае, але ж ушанаваньне вартых гэтага асобаў Беларусі — справа надзвычай удзячная.

(Кісялёў: ) “У гэтым сэнсе краязнаўства ў нас добра ішло і ў 20-я гады, аж да сталінскіх рэпрэсіяў. Сёньня краязнаўцы працягваюць добрыя традыцыі. Паўстаньне 1863 году дае шмат высокіх прыкладаў гераізму, служэньня Бацькаўшчыне, барацьбы за свабоду”.

Гэта было меркаваньне гісторыка Генадзя Кісялёва.

На Дзяды над могілкамі, дзе пахаваны Фларыян Даноўскі, залуналі два сьцягі: бел-чырвона-белы беларускі й бела-чырвоны польскі.

Ігар Карней, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org