Ад сёньняшняга дня пачалі страйкаваць дробныя прадпрымальнікі полацкага
рэгіёну, якія гандлююць на рэчавых кірмашах.
Нагодай для страйку сталася ўвядзеньня з 1 літападу новага парадку мытнага
афармленьня тавараў вытворчасьці трэціх краінаў, завезеных з тэрыторыі
Расейскай Фэдэрацыі. Цяпер, набыўшы на той жа маскоўскай гуртовай базе
турэцкія ці кітайскія тавары, прадпрымальнік мусіць прадаставіць у мытню
адпаведныя сэртыфікаты ды іншыя дакумэнту, аплаціць мыта, падатак на даданую
вартасьць і ўнесьці плату за афармленьне ўсіх неабходных папераў.
На думку старшыні мясцовага прафсаюзу прадпрымальнікаў Валерыя Шаўчэнкі,
падобны парадак нельга ажыцьцявіць ні ў фінансавы, ні ў тэхнічным пляне,
бо ў Расеі, зь якой мы, дарэчы, знаходзімся ў адзінай мытнай прасторы,
нікога не цікавіць, адкуль завезены тавар, і на базах часьцяком адсутнічаюць
неабходныя дакумэнты. Па-другое, мытня сёньня проста ня ў стане аформіць
столькі заявак. А па-трэцяе, новая сыстэма пабораў наогул можа зьліквідаваць
дробнае прадпрымальніцтва як кляс.
Пра пляны ўвядзеньня новых правілаў наваполацкія прадпрымальнікі даведаліся
месяц таму і выслалі на адрас ураду адпавведную пэтыцыю, у якой выклалі
сваё бачаньне праблемы і прапанавалі арганізаваць сустрэчу з прадстаўнікамі
ўрадавых структураў. Віцэ-прэм’ер Кабякоў нібыта даў загад такую сустрэчу
правесьці, але на гэтым ўсё і скончылася. Новыя правілы набылі юрыдычную
сілу, і цяпер тавары без належнага афармленьня будуць канфіскоўвацца кантралюючымі
ворганамі.
31 кастрычніка прадпрымальнікі Полацку і Наваполацку правялі агульныя
сходы і вырашылі спыніць працу і наогул не выплочваць дзяржаве ніякіх падаткаў.
Доўжыццца страйк будзе да тае пары, пакуль прадстаўнікі ўладных структураў
і прафсаюзу прадпрымальнікаў ня сядуць за стол перамоваў і ня вырашаць
складаных праблемаў.
Вінцэсь Мудроў, Наваполацак
|