RFE/RL |
Серада, 1 Лістапада 2000 |
Сёньня: |
Старшыня Нацыянальнага банку Пётра Пракаповіч атрымаў адмысловае заданьне: цягам бліжэйшага часу павялічыць золатавалютны запас краіны як мінімум у пяць разоў. Многія назіральнікі наўпрост зьвязваюць гэта з падрыхтоўкаю да прэзыдэнцкіх выбараў. Пад час усяго кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі памер золатавалютных рэзэрваў дзяржавы ніколі не называўся. Зараз вядома, што памер надзвычайных рэзэрваў складае ўсяго $100 млн, прычым, уласна золатам — толькі 11 кг. Праўда, калі ўлічыць, што пяць год таму залатых зьліткаў было ўсяго 2,5 кг, дык прагрэс відавочны. Тым часам старшыня Нацыянальнага банку спадар Пракаповіч перакананы, што ёсьць усе магчымасьці давесьці эквівалентны паказьнік золатавалютных рэзэрваў да $500 млн ужо цягам бліжэйшага часу. Не падзяляе такога аптымізму былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч: “Дасягнуць запасаў памерам 500 млн цягам бліжэйшых гадоў немагчыма. Гэта авантура. У нас дэфіцыт гандлёвага балянсу перавысіў $700 млн: столькі грошай не хапіла, каб разьлічыцца за імпарт. Адмоўны паказьнік з Расеяй наогул склаў $1млрд 200 млн. Таму казаць пра тое, што мы здольныя назапашваць рэзэрвы —прафанацыя. Калі б усе, хто пастаўляюць нам газ, нафту, камплектуючыя, запатрабавалі аплату, мы б патрацілі ня толькі рэсурсы Нацыянальнага банку, але й сродкі на ўкладах у жыхароў краіны і суб’ектаў гаспадараньня”. Так лічыць былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч. У справе радыкальнага павелічэньня залатога запасу Беларусі не апошняе месца належыць унітарнаму прадпрыемству “Унидрагмет”, створанаму на базе БДУ. Адмысловай пастановаю ўраду менавіта яму нададзена права кантролю за дзейнасьцю дзяржаўных прадпрыемстваў, тэхналёгія працы якіх прадугледжвае выкарыстаньне каштоўных мэталяў. Практычна ўсе аб’екты хімічнае, прыборабудаўнічае, радыё- ды абарончае галінаў зьяўляюцца, так бы мовіць, кліентамі “Унидрагмета”. Спэцыялісты прадпрыемства сьцьвярджаюць, што распрацавалі больш за 30 спосабаў здабычы каштоўных мэталяў з розных адменаў лому й прамысловых адкідаў з наступнай пераплаўкаю іх у сапраўды каштоўныя вырабы, у тым ліку й банкаўскія зьліткі. На жаль, прарэктар па навуцы БДУ Сяргей Рахманаў так і не паведаміў, якую долю ў залатым запасе краіны складаюць каштоўнасьці з маркаю прадпрыемства “Унидрагмет”. Адзінае, што было пацьверджана: прадпрыемства цалкам працуе дзеля інтарэсаў дзяржавы. Ігар Карней, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |