RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 31 Траўня 2000

Сёньня



Вярхоўны суд Беларусі завяршыў разгляд справы, якая тычыццца вядомае ў Менску рэклямнае газэты “Из рук в руки”. Беларускія выдаўцы газэты ў спрэчцы за таварны знак прайгралі працэс расейскай фірме…

На выніковым паседжаньні Вярхоўнага суду старшыня калегіі ў патэнтавых справах Уладзімер Вышкевіч абвясьціў, што працэс выйграла расейская фірма “Пронто-Москва”. Яе кіраўніцтва зьвярнуўлася ў Вышэйшую судовую інстанцыю Беларусі, каб аспрэчыць рашэньне Дзяржаўнага патэнтавага камітэту.

Гэты камітэт, паводле сёньняшняга прысуду, даў неабгрунтаваны дазвол на выкарыстаньне таварнага знаку “Из рук в руки” беларускаму прадпрыемству з замежнымі інвэстыцыямі “Сапка-Бел”. Вынікам такога дазволу было выданьне на тэрыторыі Беларусі газэты, ідэя якой належыць на правох інтэлектуальнае ўласнасьці маскоўскім прадпрымальнікам. Такім чынам, суд прызнаў справядлівай скаргу расейцаў, што гэтая інтэлектуальная ўласнасьць была ў іх скрадзеная беларускімі бізнэсоўцамі.

Грамадзкая цікавасьць да працэсу шмат у чым выкліканая тым, што канфлікт закрануў прадстаўнікоў гэтак званае “Саюзнае дзяржавы”. Два тыдні таму старшыня Вярхоўнаму суду Валянцін Сукала дакладаў пра гэтую справу Аляксандру Лукашэнку. Лукашэнка, паводле добра інфармаваных крыніцаў, каб не правакаваць далейшае разгортваньне скандалу, параіў суду быць аб’ектыўным.

Патэнтавы павераны Валеры Самцоў, які займаецца пытаньнямі абароны інтэлектуальнае ўласнасьці, сёньняшняе рашэньне пракамэнтаваў нашаму радыё наступным чынам:

(Самцоў: ) “Суд падышоў аб”ектыўна. Галоўная выснова, якую можна зрабіць з гэтай справы – патэнтавы камітэт, які быў адным бокам, павінен зрабіць высновы, што трэба справаводзтва таварных знакаў, іншых аб”ектаў прамысловай важнасьці весьці карэктна. Тады ня будзе такіх справаў”.

Міхал Стэльмак, Менскs


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org