RFE/RL |
Серада, 31 Траўня 2000 |
Сёньня |
У Магілеўскім гарадзкім савеце рыхтуюцца скасаваць сваё ўласнае рашэньне аб спагнаньні падатку з тых юрыдычных асобаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй назве найменьне Магілеву. Верагодна, што гэтыя дакумэнты былі падрыхтваныя пад ціскам Магілеўскай арганізацыі Беларускага Гэльсынскага камэтэту і Магілеўскага праваабарончага цэнтру. Менавіта цэнтар прасіў мясцовую пракуратуру апратэставаць незаконнае рашэньне і вярнуць юрыдычным асобам тыя сродкі, якія яны ўжо пералічылі ў бюджэт. Паводле гэтага рашэньня, на працягу некалькіх месяцаў гарадзкія аб’яднаньні і арганізацыі пералічвалі ў гарадзкі бюджэт 50 мінімальных заробкаў, а суб’екты гаспадараньня – ажно трыста “мінімалак”. Гэтыя паборы скончыліся пасьля таго, як у Магілеўскі гарадзкі савет прыйшоў ліст старшыні Канстытуцыйнага суда спадара Васілевіча. Ініцыятыва праверкі законнасьці рашэньня савету зыходзіла ад старшыні Магілеўскай арганізацыі Беларускага Гэльсынскага камітэту Валерыя Сівухі. Менавіта ён зьвярнуўся зь лістом да намесьніка кіраўніка кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Рэспубліцы Беларусь спадара Кляйнэра з просьбай пракамэнтаваць гэты дакумэнт. Старшыня Канстытуцыйнага суда ў адказе на імя прадстаўніка АБСЭ патлумачыў, што рашэньне Магілеўскага гарадзкога савету не адпавядае заканадаўству краіны і павінна быць прыведзенае ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй, пасьля чаго старшыні Магілеўскага гарадзкога савету Зінаідзе Бяньковай нагадалі, што закон, які пералічвае мясцовыя падаткі і зборы, ня ўтрымлівае пошліны за выкарыстаньне ў сваім найменьні назовы горада. Праваабаронца Валеры Сівуха з гонарам адзначыў, што “ўпершыню за ўвесь час праўленьня Аляксандра Лукашэнкі Канстытуцыйны суд прызнаў незаконным рашэньне мясцовай улады”. Аднак, мясцовая прадстаўнічая ўлада і пасьля ліста Канстытуцыйнага суда не сьпяшалася адмяніць уласнае рашэньне, але пасьля заявы Магілеўскага праваабарончага цэнтру ў пракуратуру дакумэнты былі падрыхтаваныя. Вось як пракамэнтаваў сытуацыю дырэктар Магілеўскага правабарончага цэнтру Сяргей Абадоўскі: “Яны проста пабаяліся роспуску гарадзкога савету. Ліст Канстытуцыйнага суда ня мае для савету абавязковай сілы. Але ж калі б пракуратура накіравала дакумэнты ў вышэйшыя ворганы ўлады, а савет не прыняў рашэньне, згодна заканадаўству, ён можа быць распушчаны”. Магілеўскаму гарадзкому савету ўказалі, што ён мае права ўстанаўліваць падаткі, зборы і пошліны ня інакш, як у межах той кампэтэнцыі, якую прадугледжвае беларускае заканадаўства. Але ж указ Аляксандра Лукашэнкі “Аб выкарыстаньні назовы Рэспублікі Беларусь юрыдычнымі асобамі” прадугледжвае аналягічную працэдуру, толькі на рэспубліканскім узроўні. З-за гэтага ўказу зацягвалася рэгістрацыя многіх аб’яднаньняў і арганізацыяў, таго ж БНФ. Але ж указ пакуль што дзейнічае, і Канстытуцыйны суд не зьбіраецца даваць яго законнасьці сваю ацэнку. Аляксандр Сердзюкоў, Магілеў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |