RFE/RL |
Серада, 31 Траўня 2000 |
Сёньня |
Сёньня працягваўся наступ расейскіх войскаў ў паўднёвых раёнах Чачні. У Грозным загінуў намесьнік паўнамоцнага прадстаўнікі ўраду Расеі ў Чачні Сяргей Зьвераў. Праваабарончая арганізацыя Amnesty International асудзіла канфіскацыю ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева-2 літаратуры пра парушэньні правоў чалавека ў Чачні… Як і дзень таму, сёньня расейскія вайскоўцы працягваюць паветраныя ўдары па паўднёвых, горных раёнах Чачні – Ведзено і Нажай-Юрце, на мяжы з Дагестанам. Прычым найбольш інтэнсыўныя дзеяньні назіраюцца менавіта ў прымежных раёнах, што тлумачыцца імкненьнем расейцаў не дапусьціць прарыву маджахедаў у Дагестан. Associated Press паведамляе са спасылкай на расейскія афіцыйныя крыніцы, што ў мінулыя содні чачэнскія паўстанцы забілі пяць і паранілі сем расейскіх вайскоўцаў. За апошнія тыдні гэта найбольш вялікая колькасьць ахвяраў з боку фэдэральных сілаў, і яна магла б сёньня быць ў цэнтры ўвагі сродкаў масавай інфармацыі, калі б не падзея, якая адбылася на ўскрайку Грознага. Пачатак новага наступу расейскіх фэдэральных войскаў супаў з гібельлю ў грозьненскім пасёлку Чарнарэчча намесьніка паўнамоцнага прадстаўнікі ўраду Расеі ў Чачні Сяргея Зьверава і памочніка мэра Грознага Нарсіда Хабусэева. Іх аўтамабіль падарваўся на дзвюх фугасах з дыстанцыйным кіраваньнем. Апошняе сьведчыць пра тое, што выбух ня быў выпадковым. Паводле расейскіх крыніцаў, замах рыхтаваўся вакхабітамі менавіта на мэра Грознага Суп”яна Махчаева, які таксама знаходзіўся ў аўтамабілі, але застаўся жывы. У любым разе, з самага пачатку чачэнскай вайны летась увосень, расейскі бок яшчэ ня меў такой ахвяры, калі ўлічыць, што паўнамоцны прадстаўнік расейскага ўраду ў Чачні, намесьнікам якога быў пагіблы Сяргей Зьвераў, мае рангу віцэ-прэм”ера. Можна прагназаваць, што адказам на гэтую ахвяру расейскага боку будуць яшчэ больш жорсткія дзеяньні. Тым болей, што стала вядомая і рэакцыя расейскага боку на прапанову віцэ-прэзыдэнта Чачні Вахі Арсанава зрабіць значныя суступкі Расеі, калі яна пойдзе на мірныя перамовы. Associated Press паведамляе, што Крэмль па-ранейшаму лічыць, што на баку чачэнцаў няма нікога, зь кім можна было б распачынаць перамовы. Тым часам, сёньня аўтарытэтная міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з заявай адносна інцыдэнту, які адбыўся ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева-2. Супрацоўнікі мытні гэтага міжнароднага аэрапорту канфіскавалі каля сотні экзэмпляраў брашуры, якая ўтрымлівала інфармацыю пра парушэньні правоў чалавека ў Чачні, а таксама пра перасьлед этнічных чачэнцаў у расейскае сталіцы. Гэтыя матар”ялы знаходзіліся ў валісцы супрацоўніцы Amnesty International грамадзянскі Баўгарыі Марыяны Кадзаравай, якая прыбыла рэйсам з Лёндану. Падставаю для затрыманьня, паводле словаў мытнікаў, было тое, што спадарыня Кадзарава ня мела пры сабе дакумэнтаў, якія б тлумачылі мэты ўвозу гэтай літаратуры на тэрыторыю Расеі, а таксама тое, што на брашурах не былі пазначаныя рэквізыты друкарні. Пры гэтым мытнікі паабяцалі вярнуць брашуры, калі ўладальніца здолее даказаць, што мае намер выкарыстоўваць іх у “легальных” мэтах. У сувязі з гэтым Amnesty International зьвяртае ўвагу на тое, што спадарыня Кадзарава мэтаю візыту мела ўдзел у семінары ў справе правоў чалавека на Паўночным Каўказе, прычым накіроўвалася на яго менавіта на запрашэньне ўрадавых расейскіх прадстаўнікоў. Сэмінар ладзіцца сумесна з Радай Эўропы. Amnesty International паведамляе, што пад час дагляду брашураў мытнікі засяродзілі ўвагу менавіта на зьмесьце справаздачы, кваліфікаваўшы спачатку як “антырасейскую прапаганду”, а потым затрымаўшы выданьні з тым тлумачэньнем, што нібыта яна можа быць скарыстаная ў “камэрцыйных мэтах” . У сваёй заяве Amnesty International папярэджвае, што гэты выпадак зьяўляецца бясьпечным прэцэдэнтам, які вяртае да ранейшай савецкай рэчаісьнасьці. Ён таксама ставіць пад сумнеў заявы кіраўніцтва Расеі наконт жаданьня аб’ектыўна дасьледваць парушэньні правоў чалавека, асабліва ў Чачні, а таксама ёсьць пагрозай прынцыпу свабоды слова. Amnesty International афіцыйна зьвярнулася да Міністэрства замежных справаў Расеі з прапановай паспарыяць вяртаньню канфіскаванай літаратуры. На гэты момант Amnesty International не атрымала ніякага адказу ад афіцыйных расейскіх прадстаўнікоў адносна інцыдэнту ў аэрапорце Шарамецьева-2. Сяргей Навумчык, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |