RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 31 Траўня 2000

Сёньня:



Учора пад час свайго выступу перад удзельнікамі гэтак званага “грамадзка-палітычнага дыялёгу” Аляксандар Лукашэнка неаднаразова падкрэсьліваў, што Беларусь, у вадрозьненьне ад суседніх дзяржаў, ня будзе краінаю, дзе судзяць партызынаў. На ўвазе мелася Латвія, дзе якраз ідзе некалькі працэсаў над былымі супрацоўнікамі НКВД, якіх судзяць за злачынствы супраць мірных жыхароў.

Тэма перасьледу ў Латвіі савецкіх вэтэранаў ІІ Ўсясьветнае вайны ня першы месяц абмяркоўваецца расейскімі сродкамі масавае інфармацыі. Асаблівы рэзананс мелі матэрыялы наконт асуджанага былога дывэрсанта Васіля Конанава. У Латвіі лічаць, што афіцыйнай Маскве выгадна пераарыентавацца на замежжа, каб адцягнуць увагу людзей ад няўдачаў на чачэнскім напрамку. Расея кажа пра мэтанакіраваную расправу з савецкай ідэялёгіяй. Лукашэнка, як пасьлядоўны інтэгратар, не абмінуў магчымасьці пацьвердзіць поўную салідарнасьць з пазыцыяй Масквы.

Як на самой справе ўспрымаюцца антылатвійскія выпады ў Рызе, мы папрасілі пракамэнтаваць Часовага паверанага ў справах Латвійскае рэспублікі ў Беларусі спадара Эганіса Нэйманіса…

(Нэйманіс: ) “Я павінен зазначыць, што працэсы не адбываюцца паводле прыкметы прыналежнасьці да партызынаў. Маюцца на ўвазе людзі, якія ўчынялі злачынныя дзеяньні ў вадносінах да цывільных жыхароў. За тое, што чалавек быў у партызынах і ваяваў зь нямецкай арміяй, ніхто да суду не прыцягвае. Але адная справа – баявыя дзеяньні, і зусім іншае – злачынныя акцыі супраць насельніцтва. Працэсы ня трэба ўспрымаць, як гэта робяць некаторыя палітыкі й журналісты, як нейкае масавае паляваньне на партызынаў. Дастатковая колькасьць былых партызынаў жыве ў Латвіі, і ніхто іх не зьбіраецца асуджаць”.

Спадар Нэйманіс лічыць, што падобныя абвінавачваньні ягонае краіны ў прыхільнасьці да нацысцкае ідэалёгіі ў ваенны час занадта агульныя. Ён зазначае, што амаль ва ўсіх акупаваных краінах былі людзі, якія актыўна супрацоўнічалі з акупацыйнымі рэжымамі. Што тычыцца Латвіі, дык удзел у партызынскіх атрадах быў такім жа рызыкоўным, як і служба ў легіёне. Многім даводзілася рабіць у літаральным сэнсе выбар паміж жыцьцём і сьмерцю. Пры гэтым, сумна вядомая карная каманда Райса, якая ўдзельнічала і ў акцыях супраць беларускіх жыхароў і на якой базуецца амаль уся крытыка, у склад легіёну не ўваходзіла.

Гаворыць Эганіс Нэйманіс:

“Легіён браў удзел у баявых дзеяньнях супраць Савецкае Арміі, але ён не ваяваў супраць мірных жыхароў. Трэба рабіць розьніцу паміж легіёнам, куды вельмі шмат людзей прызвалі прымусова, і карнай камандаю. Канешне, зразумець усе абставіны паводзінаў людзей вельмі цяжка. Лягчэй агулам абвінавачваць тых, хто жыў паўстагодзьдзі таму”.

Гэта быў Часовы павераны ў справах Латвійскае рэспублікі спадар Нэйманіс.

Разам з тым спадар Нэйманіс падкрэсьліў, што пазыцыя Расеі ці яшчэ кагось ня будзе перашкодаю для разгляду справаў аб злачынствах супраць мірных жыхароў.

Ігар Карней, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org