RFE/RL |
Серада, 31 Траўня 2000 |
Сёньня |
Камісія правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Жэнэве (адрас у матэрыяле) прыняла да разгляду справу жыхара места Крычаў Магілеўскае вобласьці Лявона Сьвеціка. Пра гэта паведаміла крычаўскае грамадзкае аб’яднаньне “Кантакт-Цэнтар”. Больш як год таму спадар Сьвецік, як прадстаўнік Беларускага Гэльсынскага камэтэту, падпісаўся пад зваротам прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў да жыхароў Беларусі, у якім выказвалася нэгатыўнае стаўленьне да выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў, якія павінны былі адбыцца вясной 1999 года. Зварот быў надрукаваны ў газэце “Народная воля”. Пасьля гэтага тэксту яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за байкот выбараў. У Крычаве гэты дакумэнт падпісала чатыры чалавекі. Сярод іх двое працавалі на дзяржаўных прадпрыемствах: Лявон Сьвецік быў і сёньня застаецца выкладчыкам Крычаўскага тэхнікуму эканомікі і права, Андрэй Кузьмін працаваў у банку. І толькі на іх у судовым парадку быў накладзены штраф. Спачатку са Сьвецікам і Кузьміным мела гутарку памочнік раённага пракурора, а потым судзьдзя Вольга Вокунь прысудзіла ім выплаціць два мінімальныя заробкі. Прычым, паводле сьведчаньня Андрэя Кузьміна, яна не абцяжарвала сябе доказамі і не тлумачыла, чаму да адказнасьці прыцягваюцца ня ўсе падпісанты звароту, а толькі тыя, хто працуе ў дзяржарганізацыях. Абапіраючыся на дзьве апошнія высновы, Лявон Сьвецік вырашыў абскарджваць рашэньне суда і прынцыпова прайшоў усе прыступкі беларускае судовае лесьвіцы. І абласны, і Вярхоўны суд пакінуў рашэньне крычаўскага суду без зьменаў. Пры падтрымцы Крычаўскае праваабарончае групы, якая дзейнічае пры “Кантакт-цэнтры”, і мясцовага прадстаўніцва Беларускага Гэльсынскага камітэту, спадар Сьвецік зьвярнуўся ў Жэнэўскую камісію правоў чалавека. І вось адтуль, ад кіраўніка аддзелу дапаможнага абслугоўваньня Хаміда Гахама прыйшоў адказ: справа прынятая да разгляду. У Беларусь накіраваны запыт на атрыманьне магчымай інфармацыі, і на працягу шасьці месяцаў камісія разгледзіць справу крычаўляніна і вынясе сваё рашэньне. (адрас Камісіі: UN office of Geneva, 8-14, avenue de La Paix, 10, Switzerland) Марыя Ўсьціновіч, Магілеў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |