RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 31 Траўня 2000

Сёньня:



Экс-прэм’ер Беларусі Міхал Чыгір называе няпраўдаю зьвесткі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, быццам ён пайшоў у адстаўку з прычыны шантажу з боку апазыцыі. Міхал Чыгір сьцьвярджае, што напярэдадні адстаўкі меў працяглую размову з Лукашэнкам пра неабходнасьць зьмены палітыкі, але Лукашэнка да яго не прыслухаўся.

Сярод прозьвішчаў апазыцыйных дзеячоў, якія згадваліся Аляксандрам Лукашэнкам пад час учорашняга гэтак званага “грамадзкага дыялёгу”, некалькі разоў гучала й прозьвішча надоечы асуджанага экс-прэм’ера Міхала Чыгіра. Лукашэнка спачатку заявіў, што экс-прэм’ер сыйшоў у адстаўку быццам бы з-за таго, што апазыцыя шантажавала яго “ягонымі праблемамі”. А праз нейкі час імя Чыгіра ўсплыло яшчэ раз – калі Лукашэнка, зьвяртаючыся да кіраўніка Назіральнае групы АБСЭ Ганса-Георга Віка, пагражаў разгалошваньнем нейкіх канфідэнцыйных зьвестак пра тое, як ішлі перамовы наконт далейшага лёсу Міхала Чыгіра.

Беларускі кіраўнік выказаў меркаваньне, што калі б не ягонае заступніцтва, дык рашэньне суду магло бы быць іншым, і Чыгір быў бы адпраўлены ў турму на 15 гадоў за крадзеж, паводле Лукашэнкі, “ледзь ня двух мільёнаў даляраў”.

У той жа дзень стала вядомая рэакцыя спадара Віка на словы Лукашэнкі на сваю адрэсу. Нагадаю, што ў інтэрвію нашаму радыё кіраўнік Назіральнае групы АБСЭ заявіў, што ня мае праблемаў з тым, каб Лукашэнка зрабіў здабыткам галоснасьці тыя фрагмэнты перамоваў, якія ён жадае выкрыць. А спадар Вік у сваю чаргу гатовы апублікаваць рэштку.

А што на тэму сваёй адстаўкі й палітычнай афарбоўкі працэсу мяркуе Міхал Чыгір?

“Я мушу сказаць, што гэта, мабыць, хвароба, інакш не назавеш”, – называе Міхал Чыгір шматлікія абвінавачваньні на сваю адрэсу з боку Аляксандра Лукашэнкі. Чыгір згадвае, што ў лістападзе 1996 году, напярэдадні рэфэрэндуму, на яго не было аніякага ціску з боку кіраўніцтва Вярхоўнага Савету. Ніхто яго не прымушаў ісьці ў адстаўку і “не шантажаваў ніякімі праблемамі, якіх не было”. “Мяне непакоіла толькі тое, што рэфэрэндум расколе грамадзтва й прывядзе да ізаляцыі нашае краіны”, – сьцьвярджае Міхал Чыгір.

Напярэдадні адстаўкі ён апошні раз паспрабаваў пераканаць Лукашэнку ў тым, што трэба адмовіцца ад рэфэрэндуму й кардынальна зьмяніць палітыку. Міхал Чыгір узгадвае тую апошнюю размову:

(Чыгір: ) “Я спрабаваў даказаць, што трэба ставіць краіну на рэйкі разьвіцьця – тыя, на якіх стаіць увесь цывілізаваны сьвет, але гэтага не адбылося, на жаль. Пры мне гэта не адбылося, і пасьля майго адыходу ад улады стала яшчэ горш”.

Што ж тычыцца ўмяшаньня Лукашэнкі ў рашэньне судзьдзяў у ягонай справе, дык Міхал Чыгір перакананы, што яно, сапраўды, было. І тут няма анічога дзіўнага, бо адпачатку менавіта паводле палітычнага загаду з самага верху быў распачаты перасьлед, і таму свой вэрдыкт судзьдзі не маглі не ўзгадняць “наверсе”. “Незалежнага суду ў нас няма, я ў гэтым пераканаўся на асабістым прыкладзе. І гэта адна з прычынаў, з-за якіх я уключыўся ў гэтую барацьбу – бо парадкі, пры якіх ўсё вырашае адзіны чалавек – трэба мяняць, яны нас да цывілізаванага й багатага жыцьця не прывядуць”, – перакананы Міхал Чыгір.

А напрыканцы згадаем яшчэ адную прамову Аляксандра Лукашэнкі – сказаную ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, неўзабаве пасьля агалошваньня славутага антыкарупцыйнага даклада дэпутата Сяргея Антончыка…

(Лукашэнка: ) “…Я калісьці, запрашаючы Чыгіра Міхаіла Мікалаевіча, і Лінга, і Мясьніковіча, і іншых… я казаў: ніколі ў жыцьці я сабе не дазволю кагосьці з вас здаваць”.

Гэтак казаў Аляксандар Лукашэнка ў сьнежні 1995 году. Тады, паводле Лукашэнкі, ён таму і ўзяў Чыгіра ў прэм’еры, што той вызначаўся сумленнасьцю й некарумпаванасьцю.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org