RFE/RL |
Серада, 31 Траўня 2000 |
Сёньня: |
Кіраўніцтва Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў запатрабавала сёньня выступу сваіх прадстаўнікоў у эфіры Беларускае тэлевізіі. Такой была першая рэакцыя апазыцыі на тое, як дзяржаўная тэлевізія паказала ўчорашні гэтак званы “грамадзка-палітычны дыялёг”. У сёньняшнім паседжаньні Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў удзельнічала толькі адная асоба з тых, хто ўчора меў магчымасьць прысутнічаць і выступіць на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з удзельнікамі гэтак званага “грамадзка-палітычнага дыялёгу”. Гэта сакратарка ЦК Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган. Усе хацелі пачуць ейныя ўражаньні ад учорашняе дзеі. Яе вельмі абурыў недапушчальны тон і стыль паводзінаў Лукашэнкі ў вадносінах да міжнародных арганізацыяў, асабліва АБСЭ. Спадарыня Скрыган адзначыла, што час ад часу нават некаторыя сябры лукашэнкавай “Палаты прадстаўнікоў” ад няёмкасьці прыкрывалі твар рукамі. Алена Скрыган лічыць, што выступоўцы на сустрэчы былі вызначаныя загадзя. Цыдулкі з просьбаю даць слова не даходзілі да стала, за якім сядзеў Лукашэнка. А калі некаторыя ўдзельнікі сустрэчы хацелі прайсьці бліжэй да галоўнага стала, іх адразу затрымлівалі ахоўнікі, якіх шмат было па ўсяму пэрымэтру залі. З выступу Лукашэнкі ў спадарыні Скрыган склалася ўражаньне, што ён не пагодзіцца на правядзеньне парлямэнцкіх выбараў паводле зьмешанай (мажарытарна-прапарцыйнае) сыстэмы. А таксама ня пойдзе на перагляд функцыяў і паўнамоцтваў парлямэнту. Ужо сёньня зьявіліся зьвесткі, што Лукашэнка не падтрымае найбольш радыкальныя прапановы, якія рэкамэндаваныя ўдзельнікамі гэтак званага “шырокага дыялёгу”. Гаворка йдзе пра парог у 25 адсоткаў яўкі выбаршчыкаў у першым туры й значнае абмежаваньне датэрміновага галасаваньня. Іншыя сябры Кансультацыйнае рады маглі бачыць толькі тэлевізыйныя справаздачы пра ўчорашную падзею. Паводле ўсяго бачанага й пачутага былі зробленыя тры высновы. Па-першае, ігнараваньне апазыцыяй гэтак званага “дыялёгу” – слушнае рашэньне. Спадар Хадыка нават папрасіў спадарыню Скрыган, каб Партыя камуністаў яшчэ раз падумала, ці патрэбен ёй удзел у гэтакім “дыялёгу”. Другая выснова – Лукашэнка, калі ён казаў пра пэрыяд “міру”, прапануе апазыцыі несымэтрычныя ўмовы. Іхную сутнасьць найбольш яскрава выклаў Алесь Бяляцкі: апазыцыя хай не праводзіць пікеты й дэманстрацыі, тады ўлады не будуць яе зьбіваць. І трэцяя – сябры Кансультацыйнае рады абураныя тым, што Беларуская тэлевізія ў сваіх справаздачах давала скажоныя погляды апазыцыі. Таму на сёньняшнім паседжаньні было прынятае патрабаваньне да кіраўніцтва Нацыянальнае дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі – вылучыць эфірны час, каб прадстаўнікі палітычнае апазыцыі мелі магчымасьць выкласьці сваю сапраўдную пазыцыю. Кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік, які таксама прысутнічаў на сёньняшнім паседжаньні, паведаміў, што ён і ягоны намесьнік Мішэль Рывальле на 10 дзён зьяжджаюць з Беларусі. Сёньня ж у Менск прыехалі два новыя супрацоўнікі КНГ. Гэта – Эндру Карпэнтэр зь Вялікай Брытаніі і амэрыканка польскага паходжаньня Бэата Разуміловіч. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |