RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 31 Траўня 2000

Сёньня



Сыстэма пэнсійнага забесьпячэньня, якую беларускія ўлады падавалі як надзвычай стабільную і трывалую, насамрэч апынулася не такой ужо й стабільнай. У Гомельскай вобласьці, дзе жыве 404 тысячы пэнсіянэраў, першымі затрымку з выплатамі грошай адчулі працуючыя пэнсіянэры.

У прыватнасьці, ў Жлобіне выплату пэнсіі ім перанесьлі з пачатку траўня на апошнюю дзесяцідзёнку. Паводле словаў галоўнага бухгальтара раённага аддзелу сацыяльнай абароны Любові Шолахавай, апроч працуючых пэнсіянэраў, выплаты тадэрміноўваюцца і іншым катэгорыям па прынцыпе: камусьці аднаму з сямейнае пары пэнсіянэраў, альбо калі ў доме муж ці жонка маюць працаздольны ўзрост. Новаўвядзеньне закранула прыблізна паўтары тысячы людзей. Зроблена гэта, аднак, не па ўласнай ініцыятыве, а паводле ліста абласной управы сацыяльнай абароны.
Падобныя лісты, дарэчы, атрымалі і ўсе іншыя раёны.

Вось што тлумачыць з гэтай нагоды начальніца цэнтру па налічэньні пэнсіяў і дапамог абласной управы Ніна Ладугіна:

(Ладугіна: ) “Паслалі гэтыя лісты, каб адразу людзі, атрымоўваючы пэнсію за травень месяц, ведалі, што ў чэрвені трэба, як кажуць, падціснуцца, пакінуць грошы ў сувязі са зьменай даты выплаты. Мы ўсіх папярэдзілі за месяц, хаця нам кажуць, што гэта трэба рабіць за тры. Але мы ж ня ведаем абставінаў: лепей будзе ці горш, і хто ж гэта за тры месяцы дасьць такі прагноз”, – сумнявалася Ніна Ладугіна.

Па сьцьверджаньні кіраўнікоў управы сацыяльнай абароны, затрымкі зьведаюць прыкладна 15% пэнсіянэраў рэгіёну – гэта каля 60 тысячаў чалавек, найперш тых, хто атрымоўвае грошы не па пошце, а праз філіі ашчаднага банку. Банк, у адрозьненьне ад пошты, патрабуе залічэньня ўсёй сумы выплаты, а ўправа сацыяльнай абароны ня можа гэтага зрабіць, паколькі сама ўжо трэці месяц не атрымоўвае сваечасова з рэспубліканскага бюджэту сотні мільёнаў рублёў. У траўні 375 мільёнаў, гэта даплаты пэнсіянэрам за пражываньне на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі, а таксама адмысловыя чарнобыльскія пэнсіі і дапамогі. Менавіта бяз гэтай рэспубліканскай долі рэгіянальныя ворганы сацыяльнай абароны і ня маюць магчымасьці разьлічыцца з пэнсіянэрамі па ранейшых графіках.

Цікаўлюся ва ўправе Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, як паступаюць сюды сродкі, што ідуць на сацыяльныя выплаты. Намесьніца начальніка аддзелу даходаў Тацяна Кісель сьцьвярджае, што напачатак траўня запазычанасьць падвысілася ледзь не на 40% і склала агулам 753 міліёны рублёў.

Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org