RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 31 Траўня 2000

Сёньня



Рэакцыя на ўчорашні выступ Лукашэнкі дырэктара Міжнароднае Лігі правоў чалавека Кэці Фіцпатрык.

(Фіцпатрык: ) “Як мы разумеем, была заява, што пагражае тым, хто ў нас зараз з візытам, і мы знаходзім гэтыя абвінавачаньні сьмеху вартымі. Мы запрасілі беларускіх дзеячоў у рамках праграмы візытаў, якая дзейнічае некалькі гадоў, каб яны маглі выкласьці сваю пазыцыю непасрэдна амэрыканскаму народу праз ягоных прадстаўнікоў і праз дзяржаўны Дэпартамэнт.

Мы запрашаем лідэраў апазыцыі з тых краінаў, дзе прэса уціскаецца, дзе грамадзянская супольнасьць пад пагрозай, дзе людзі нават ня могуць уздымаць пытаньні асноўных правоў чалавека. Гэта цалкам нармальна, што ў межах гэтай праграмы мы запрашаем лідэраў апазыцыі.

А што да гэтых пагрозаў, дык гэта паказвае неразуменьне лукашэнкаўскім урадам мэханізму ажыцьцяўленьня амэрыканскае дапамогі іншым краінам. Калі мы прадстаўляем гуманітарную дапамогу іншым краінам, мы заўсёды прызначаем яе частку дэмакратычным рухам і грамадзянскай супольнасьці. І на гэта ёсьць прычыны. Калі проста ўкінуць гуманітарную дапамогу ў краіну – дапамога можа зьнікнуць бяз сьледу. Без самастойнае прэсы, без грамадзкіх рухаў і груповак, якія могуць скарыстаць з гэтай дапамогі і дапільнаваць, як урад выкарыстоўвае яе, яна можа быць змарнаваная.

Для кожнай краіны ёсьць так званая дапамога дэмакратыі, што ідзе на падтрымку грамадзянскае супольнасьці. Што хоча нашая арганізацыя падкрэсьліць, дык гэта занепакоенасьць нашых гасьцей-апазыцыянэраў тым, што з-за паводзінаў Лукашэнкі і ягонага ўраду міжнародная дапамога была рэзка скарочаная. Беларусь цяпер атрымлівае менш дапамогі, чым нават Азэрбайджан і Туркмэністан.

Так што мы лічым, што Беларусь не павінна быць пакараная, але маніторынг рабіць трэба абавязкова, і тыя людзі, што ўвасабляюць сабой грамадзянскую супольнасьць, мусяць быць у гэтым зацікаўленыя.

Так што гэтыя нюансы, відаць, лукашэнкаўскім ўладам незразумелыя. Яны проста рэагуюць у савецкім стылі, што, маўляў, гэтыя нашыя госьці хочуць зьвергнуць урад. Яны аб такой мэце ніколі не заяўлялі. Гэта мірныя людзі, яны – патрыёты, якія заклапочаныя сытуацыяй у сваёй краіне. Яны проста хочуць гарантаваць нармальнае выкарыстаньне дапамогі”.

Гутарыў

Максім Лукашэвіч


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org