RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 30 Траўня 2000

Сёньня



Імя Ўладзіміра Пуціна фігуруе ў справе адмываньня грошай. Артыкул пад такім назовам днямі апублікавала француская газэта Le Mond.

Газэта Le Mond паведаміла, што Герман Грэф, нядаўна прызначаны Ўладзімірам Пуціным на пасаду міністра эканомікі, зьвязаны зь нямецкай кампаніяй, адзін з заснавальнікаў якой арыштаваны па абвінавачаньні ў адмываньні грошай крымінальнага паходжаньня.
У артыкуле сьцьвярджаецца, што сёлета ў сакавіку Пуцін і Грэф атрымалі статус кансультантаў пры нямецкай кампаніі СПАГ, заснаванай у 1992-м годзе ў Санкт-Пецярбургу сумесна з расейскай кампаніяй Сіці-Хол.

Адзін з заснавальнікаў і ўладальнік кантрольнага пакету акцыяў кампаніі – Рудольф Рытэр, брат міністра эканомікі княства Ліхтэнштэйн (карлікавай дзяржавы, памежнай са Швайцарыяй) быў арыштаваны 13 траўня ў сталіцы гэтай краіны горадзе Вадуц.

Паводле Le Mond, летась у справаздачы нямецкай сакрэтнай службы БНД адзначалася, што расейскія крымінальныя групоўкі пераводзілі сродкі праз румынскі банк з мэтай набыцьця нерухомасьці ў Расеі. Рытэр атрымліваў з гэтага прыбытак.

Адміністрацыя расейскага прэзыдэнта абвяргае факт супрацоўніцтва Пуціна зь фірмай СПАГ. Ягоная прэсавая служба заявіла, што Пуцін ніколі ў ёй не працаваў у якасьці кансультанта і не атрымліваў там заработнай платы.
Аднак, цяперашні дырэктар СПАГ Маркус Рэзэ пацьвердзіў у размове з газэтай Le Mond, што Пуцін улучна да сакавіка 2000-га году працаваў у кампаніі кансультантам разам зь Германам Грэфам. Паводле ягоных словаў, “гаворка йшла пра свайго роду патранаж” .

Між тым, стары паплечнік Пуціна Уладзімір Смірноў па-ранейшым кіруе філіямі фірмы СПАГ у Пецярбургу – “Знаменская” і “Інформ-Фьючэ” .

Як паведамляе француская газэта, у 94 годзе, калі Пуцін быў намесьнікам мэра Санкт-Пецярбургу ў справе замежных інвэстыцыяў, фірма “Знаменская” атрымала заказ на збудаваньне буйнога гандлёвага комплексу ў гістарычным цэнтры гораду.

Пазьней Смірноў працаваў сумесна з Уладзімірам Кумарыным, вядомым пад мянушкай Кум, якога праваахоўныя ворганы лічаць лідэрам так званай “тамбоўскай групоўкі”. З 1990-га па 93-і гады ён адбываў турэмнае пакараньне за рэкет.

У адміністрацыі прэзыдэнта адмаўляюцца ад камэнтароў з нагоды згаданага артыкулу ў газэце “Монд”.

Віталь Тарас


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org