RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 30 Траўня 2000

Сёньня



30 траўня ў Менску адбылася сустрэча удзельнікаў гэтак званага “грамадзкага дыялёгу” з Аляксандрам Лукашэнкам. У выніку Лукашэнка паабяцаў унесьці ў Палату прадстаўнікоў пэўныя прапановы адносна зьменаў Выбарчага кодэксу, выпрацаваныя ўдзельнікамі “дыялёгу”. Большага выніку гэтая дзея не прынесла.

Палац Рэспублікі, дзе праходзіла сустрэча, быў аточаны ня толькі будаўнічымі рыштаваньнямі, але й шчыльнымі міліцэйскімі кардонамі, якія пільна сачылі, каб ніхто пабочны не патрапіў на гэты шырокі “дыялёг”. Падбор выступоўцаў таксама быў жорстка рэглямэнтаваны. Дастаткова назваць першых прамоўцаў: Шыманскі, Нятылькін, Баранкевіч, Чыкін… Як паведаміў “Радыё Свабода” лідэр пралукашэнкавае арганізацыі Беларускі саюз “Отечество” Валеры Макееў, Аляксандар Лукашэнка сам адбіраў, хто мае выступіць. Запіскі да яго з залі блякаваліся аховаю.

Гаворыць Валеры Макееў:

“Спачатку была дамоўленасьць, што любыя прадстаўнікі партыяў і рухаў маюць права выступаць. Мы лічым, што прэзыдэнт мае права пачуць ня толькі падрыхтаваных выступоўцаў, а ўсіх. На сёньня каля 15-20 жадаючых проста не маглі данесьці сваю думку да прэзыдэнта, таму што іх блякавалі. Тыя, хто арганізоўваў гэтую дзею, зноў падставілі прэзыдэнта”, – лічыць Валеры Макееў, які быў вельмі незадаволены хадою гэтага аднабаковага “дыялёгу”.

Іншыя ўдзельнікі сустрэчы таксама засталіся расчараванымі. Гаворыць сакратар Цэнтральнага камітэту Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган:

“Вельмі цяжка гаварыць пра аптымізм, таму што я чакала, што сёньня будзе адказ ад урадавых структураў аб тым, як яны ўспрынялі нашыя прапановы. Мне здаецца, што неапраўдана многа тут крытыкаваліся апазыцыйныя партыі. А што тычыцца саміх прапановаў дыялёгу аб зьмене Выбарчага Кодэксу, то стала зразумела, што ня будзе прынятая прапанова аб увядзеньні зьмяшанай сыстэмы выбараў, і Лукашэнка ня хоча абмяркоўваць функцыі будучага парляманту. А што да тых 16-ці прапановаў, што былі ўнесеныя, Лукашэнкам таксама названыя толькі дзьве, якія, магчыма, будуць прынятыя: гэта фармаваньне выбарчых камісіяў з удзелам партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў і функцыі назіральнікаў, якія павінны быць прапісаныя ў Кодэксе.”

Гэта была адзіная прадстаўніца апазыцыйных партыяў у “дыялёгу” Алена Скрыган.

Лукашэнка, сапраўды, шмат крытыкаваў апазыцыю, якая ў гэтай зале не прысутнічала. Ён заявіў, што яе прадстаўнікі паехалі ў Амэрыку, каб прасіць грошай на зьвяржэньне рэжыму, прыгразіў, што гэтай справаю зоймецца Рада бясьпекі. Часта да месца й не Лукашэнка накідваўся на Станіслава Шушкевіча.

Але ўрэшце ў сваёй апошняй заяве на “дыялёгу” ён заклікаў апазыцыю прыняць удзел у выбарах, паабяцаўшы ёй стварыць роўныя ўмовы. Ён пагадзіўся нават на ўсталяваньне прапанаванага місіяй АБСЭ “пэрыяду даверу” перад выбарамі.

Вельмі рашуча Лукашэнка выказаўся супраць прапарцыйнае сыстэмы выбараў, і заявіў, што Беларуская тэлевізія і масавыя СМІ ня будуць выкарыстаныя для спробаў апазыцыі, паводле ягоных словаў, “дэстабілізаваць сытуацыю”.

Вельмі вострай была дыскусія Лукашэнкі і кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ Ганса-Георга Віка. Вік нагадаў пра крытэрыі, якімі будзе кіравацца АБСЭ ў вырашэньні пытаньня пра накіраваньне сваіх назіральнікаў на выбары ў Беларусь. У адказ Лукашэнка абвінаваціў АБСЭ ў падвойных стандартах і заявіў Віку літаральна наступнае: “Калі вы й далей будзеце мяне папракаць у перасьледзе грамадзянаў паводле палітычных матываў, дык я раскажу ўсю праўду пра нашыя перамовы ў справе Чыгіра ды іншых, бо калі б не “дыктатар” Лукашэнка, сядзець бы Чыгіру пяць гадоў у турме. На вашую ўказку, пад вашым ціскам шмат каму ў Беларусі было даравана”.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org