RFE/RL |
Аўторак, 30 Траўня 2000 |
Сёньня |
На працягу апошніх стагодзьдзяў навука і новыя тэхналёгіі амаль непазнавальна зьмянілі сьвет. Але якімі шляхамі пойдзе разьвіцьцё навукі ў 21 стагодзьдзі? Якім чынам яна надалей будзе зьмяняць сьвет? Адказы на гэтыя і іншыя пытаньні даюцца ў дакладзе Фрымана Дайсана, прафэсара фізыкі амэрыканскага Інстытуту навуковых даследваньняў будучыні, з якім ён выступіў у Катэдральным саборы ў Вашынгтоне, з нагоды прысуджэньня яму прэстыжнай прэміі за прагрэс у рэлігіі. Сёньня мы знаёмім вас з перакладам скарочанага варыянту гэтага дакладу. На пряцягу ўсёй сваёй гісторыі, - сьцьвярджае ў сваім дакладзе прафэсар Фрыман Дайсан, - чалавецтва карысталася тэхналёгіямі дзеля таго, каб зьмяняць сьвет. Тэхналёгіі гэтыя былі двух гатункаў: зялёныя і шэрыя. Зялёныя тэхналёгіі – гэта ўдасканаленьне зерняў, расьлінаводзтва, садаводтва, жывёлагадоўлі, разьвіцьцё харчовай і лёгкай прамысловасьці. Шэрыя тэхналёгіі – гэта ўдасканаленьне вытворчасьці бронзы і сталі, халоднай і вогнястрэльнай зброі, вугалю і нафты, электрычнасьці, аўтамабіляў, самалётаў і ракетаў, а таксама тэлефонаў і кампутараў. Цывілізацыя пачалася ад зялёнай тэхналёгіі, ад сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі прыблізна 10 тысячаў гадоў таму. Але прыблізна 3 тыс. гадоў таму шэрая тэхналёгія пачала дамінаваць, асабліва гэта датычыць горназдабыўной прамысловасьці, мэталюргіі і машынабудаўніцтва. А на працягу апошніх 500 гадоў, шэрая тэхналёгія атрымала надзвычайнае паскарэньне і стварыла сучасны сьвет гарадоў, фабрыкаў і супэрмаркетаў. І вось цяпер, як лічыць амэрыканскі прафэсар Фрыман Дайсан, пэрыяд перавагі шэрай тэхналёгіі сканчаецца. На працягу апошніх 50 гадоў чалавецтва дасягнула фундамэнтальнага прагрэсу ў галіне вывучэньня жывой клеткі. Разам зь ведамі прыйшла і магчымасьць кантраляваць і нават выкарыстоўваць яе. Значна пашырыліся гарызонты ведаў сучаснай біялёгіі і біятэхналёгіі. Новая зялёная тэхналёгія дае нам магчымасьць з дапамогай толькі сонечнага сьвятла ў якасьці крыніцы энэргіі, з выкарыстаньнем вады і зямлі прадукаваць хімічныя матэрыялы ўсіх гатункаў. Зразумела, нашая шэрая тэхналёгія машынаў і кампутараў ня зьнікне, але зялёная тэхналёгія будзе разьвівацца куды больш хуткімі тэмпамі. Зялёная тэхналёгія стане больш чыстай, больш элястычнай і будзе прадукаваць значна менш адкідаў, чымся сёньняшняя хімічная прамысловасьць. Значную колькасьць прамысловай прадукцыі можна будзе вырошчваць, замест таго, каб прадукаваць яе. Зяленая тэхналёгія зможа задавальняць патрэбы чалавека са значна меншымі шкодамі для навакольнага асяродзьдзя. Зяленая тэхналёгія зможа таксама даць новае жыцьцё раёнам тропікаў нашай плянэты, якія атрымліваюць найбольш сонца, найбольш населеныя і бедныя. Дзеля таго, каб усё гэта здарылася ў сапраўднасьці, лічыць прафэсар Дайсан, патрэбная зьмена этыкі чалавецтва. Патрэбна, каб усе зразумелі , што нельга надалей быць абыякавымі ў адносінах да існуючай выразнай розьніцы ў галіне размеркаваньня багацьця паміж людзьмі. У дасягненьні падобнага кансэнсусу значную ролю павінна адыграць рэлігія. Паасобку ні рэлігія, ні тэхналёгія ня ў стане прынесьці сацыяльную справядлівасьць у чалавечае грамадзтва. І толькі тэхналёгія і рэлігія разам могуць ажыцьцявіць гэтую мэту. Усе ведаюць, падкрэсьлівае ў сваім дакладзе у Вашынгтонскім Катэдэральным саборы прафэсар Фрыман Дайсан, што як зялёная, так і шэрая тэхналёгіі маюць свае адмоўныя бакі. Шэрая тэхналёгія дала нам як нэйтронную бомбу, так і тэлефон. Зялёная ж тэхналёгія дала чалавецтву як бомбу, якая распаўсюджвае сібірскую язву, так і антыбіётыкі. Акрамя біялягічнай зброі, зялёная тэхналёгія мае іншыя адмоўныя бакі, якія ня маюць нічога супольнага са зброяй. Самая вялікая небясьпека, якая зыходзіць зь зялёнай тэхналёгіі, - гэта яе здольнасьць зьмяніць істоту чалавека з дапамогай гэнэтычнай інжынэрыі ў адносінах да эмбрыёну чалавека. Калі мы дазволім панаваньне рынкавых адносінаў ў галіне генаў чалавека, багатыя бацькі будуць у стане купляць найлепшыя гены для сваіх дзяцей. А гэта можа падзяліць чалавецтва на новыя спадчынныя касты. На працягу некалькіх пакаленьняў дзеці бедных і багатых могуць стаць асобнымі непадобнымі катэгорыямі чалавечага роду. І само чалвецтва можа ў выніку гэтага перарадзіцца ў грамадзтва паноў і нявольнікаў. Як бы моцна мы ня верылі ў пазытыўныя бакі свабоднага рынку, нельга дазволіць ягонае панаваньне ў галіне генаў чалавека. Прафэсар Фрыман Дайсан бачыць дзьве надзвычайна карысныя вартасьці біятэхналёгіі. Па-першае, гэта паляпшэньне стану здароў’я чалавецтва ў сувязі з прагэсам мэдыцыны, а па-другое, трансфармацыя з дапамогай зялёнай тэхналёгіі сусьветнай эканомікі шляхам больш роўнага разьмеркаваньня матэрыяльных каштоўнасьцяў. Вялікае пытаньне нашага часу, на думку прафэсара Дайсана, - якім чынам паставіць на службу ўсім людзям вынікі перманэнтнай навуковай рэвалюцыі, а не яшчэ больш паглыбіць зь яе дапамогай прорву паміж багатымі і беднымі. Каб дапамагчы бедным краінам і бедным людзям у багатых краінах, адной тэхналёгіі недастаткова. Тэхналёгія павінна разьвівацца пад апекай этыкі, калі яна ня хоча займацца толькі вытворчасьцяй новых цацак для багатых. Навукоўцы і вядучыя бізнэсоўцы, калі яны заклапочаныя сацыяльнай справядлівасьцю, павінны аб’яднаць свае высілкі з эколягамі і рэлігійнымі арганізацыямі, каб забясьпечыць палітычную падтрымку для этыкі. Такім чынам, падсумоўвае сваё выступленьне ў Вашынгтонскім Катэдральным саборы прафэсар Фрыман Дайсан, навука і рэлігія павінны працаваць разам дзеля таго, каб зьліквідаваць няроўнасьці, якія пануюць у сучасным сьвеце. Дайсан прыгадаў на заканчэньне Фрэнсіса Бэкона, які 400 год таму маліўся Богу, каб той “з дапамогай навукі паслаў людзям сваё блаславеньне”. Мікола Іваноў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |