RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 30 Траўня 2000

Сёньня



Апошнія тыдні сталі адметнымі ўзмацненьнем міжнароднага ціску на афіцыйны Менск. Пра магчымыя прычыны і наступствы гэтага – матэрыял Юрыя Дракахруста

Такіх рэзкіх фармулёвак, якія прагучалі зараз з Вашынгтону, Брусэлю, Прагі і Таліну, афіцыйны Менск яшчэ ня чуў. Ужо рэзалюцыя 304 па Беларусі, прынятая ніжняй палатаю кангрэсу ЗША, была зьяваю звышардынарнаю. Але заявы амэрыканскіх палітыкаў, якія прагучалі ў часе візыту беларускіх апазыцыянэраў у ЗША, паводле жорсткасьці пераўзыйшлі нават гэты дакумэнт.

Тое, што амэрыканскія парлямантары проста называлі беларускую ўладу дыктатураю, публічна ўзгадвалі пра зьнікненьне людзей, разгоны масавых акцыяў і ціск на незалежныя мэдыі – гэта не навіна. Але ў гэтых выступах варта адзначыць два новых акцэнты.

Першы і, магчыма, найбольш раздражняючы Менск – ня толькі канстатацыя ролі Расеі ва ўтрыманьні ля ўлады ў Беларусі Лукашэнкі, але і спроба паўплываць на Расею, а ў найлепшым выпадку – прымусіць яе адмовіцца ад падтрымкі афіцыйнага Менску. Другі момант – адкрыты заклік дапамагчы беларускай апазыцыі ў яе барацьбе.

У прыватнасьці, на прыёме ў гонар беларускіх апазыцыянэраў старшыня камітэту ў міжнародных справах палаты прадстаўнікоў кангрэсу ЗША Бэнджамін Гілман адзначыў, што ў часе саміту Клінтан-Пуцін прэзыдэнт ЗША павінен зрабіць беларускае пытаньне адным з ключавых, а ня толькі заявіць потым, што ён абмяркоўваў гэтую тэму з расейскімі суразмоўцамі.

Нарастаньне ціску на Лукашэнку з боку амэрыканскіх заканадаўцаў было часткаю шырокае міжнароднае кампаніі. На пачатку траўня з асуджэньнем палітыкі Менску выступіў Сэнат Чэхіі, некалькі дзён таму адпаведную заяву прыняла Балтыйская Асамблея – аб’яднаньне парлямантароў Літвы, Латвіі і Эстоніі. На мінулым тыдні кіраўніцтва Эўразвязу асудзіла прысуд, вынесены Міхаілу Чыгіру, і дала зразумець, што восеньскія парляманцкія выбары ў Беларусі могуць быць не прызнаныя свабоднымі і справядлівымі.

Прычынаў гэтага ўзмацненьня ціску, які выглядае дастаткова ўзгодненым, некалькі. Часткова ён выкліканы зьменай палітычнай сытуацыі ў самой Беларусі: “Вясна-2000” прадэманстравала сілу апазыцыі, да таго ж набліжаецца, як кажуць, “гадзіна Ч”: выбары, якія павінны даць канчатковую ацэнку стратэгіі дыялёгу, абранага Захадам яшчэ год таму.

І жорсткія заявы заходніх палітыкаў – гэта дэманстрацыя таго, што стратэгія дыялёгу прадугледжвае ня толькі пернік, але і бізун. Да таго ж гэта спроба намацаць контуры альтэрнатыўнай стратэгіі , калі на ранейшай палітыцы будзе пастаўлены крыж.

Але ёсьць таксама іншыя чыньнікі: як міжнародныя, гэтак і ўнутрызаходнія. У ЗША ў самым разгары – перадвыбарчая кампанія. Рэспубліканцам цяжка папікаць дэмакратаў за эканамічныя правалы – ЗША перажываюць працяглы эканамічны бум, таму зьнешняя палітыка сталася адной з галоўных тэмаў кампаніі, у часе якой республіканцы папікаюць дэмакратаў за занадта мяккую палітыку ў дачыненьні да Расеіі і аўтарытарных рэжымаў.

З гэтага не вынікае, што дэмакраты маюць намер упарта выконваць ролю адвакатаў ці то Пуціна, ці то Лукашэнкі. Выканаўчая ўлада звычайна паводзіць сябе ў міжнародных справах больш асьцярожна, чым парлямант. Але спрэчкі вакол беларускай праблемы, зьяўленьне яе ў парадку дня перадвыбарчых дэбатаў можа прымусіць і афіцыйны Вашынгтон дэманстраваць пэўную жорсткасьць, каб пазьбегнуць крытыкі з боку рэспубліканскай апазыцыі.

Мы нездарма прыгадалі і міжнародныя чыньнікі. Пасьля прыходу да ўлады ў Расеі Пуціна адбываецца перагляд ўсёй сыстэмы адносінаў Расеі з Захадам, вызначаюцца новыя прыярытэты і межы магчымасьцяў бакоў, ідзе, як ні цынічна гэта гучыць, абмен пэўнымі саступкамі.

Вось прыклад ўчорашняга дня: прадстаўнік Эўразьвязу заклікае заходніх інвэстараў у Расею і аб’яўляе , што Зьвяз і Расея – “як віскі і содавая, ня могуць адно без аднаго”, Масква прымае сэрбскіх апазыцыянэраў і ўпершыню заклікае Белград спыніць заціск свабоды слова.

Нездарма менавіта спробы націснуць на Лукашэнку праз Маскву, нават намёкі на такую магчымасьць выклікалі найбольш нэрвовую рэакцыю афіцыйнага Менску. Нават пры самым дыпляматычным поглядзе сучасная Беларусь ані на віскі, ані на содавую не падобная. І Лукашэнка разумее, што ў часе саміту Клінтан-Пуцін, які адбудзецца 5 чэрвеня, ён будзе маленькай пешкаю ў вялікай шахматнай гульні вялікіх дзяржаваў.

Ягоная сёньняшняя заява пра тое, што нібыто апазыцыянэры езьдзілі ў Амэрыку прасіць грошы на зьвяржэньне ўлады – яскравае сьведчаньне гэтага разуменьня.

Юры Дракахруст


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org