RFE/RL |
Панядзелак, 29 Траўня 2000 |
Сёньня |
29 травеня больш, як 250 рабочых Магілеўскага заводу “Зеніт” накіравалі адкрыты ліст у адміністрацыю Лукашэнкі, у Міністэрства прамысловасьці, а таксама прэм’ер-міністру Ярмошыну. У першую чаргу яны патрабуюць выплаты заробкаў паводле калектыўнай дамовы, ліквідацыі прастояў, рэалізацыі гатовай прадукцыі і аздараўленьня фінансава-эканамічнай сытуацыі на прадпрыемстве. Як стала вядома, апошні раз рабочым выплацілі заробак толькі за сакавік, ды й тое часткова. Асобныя з падпісантаў вырашылі не абмяжоўвацца толькі адкрытым лістом, але і накіравалі заяву ў суд з патрабаваньнем выплаціць ім заробак за апошнія месяцы. Такія зыскі падрыхтавалі больш як 40 актывістаў свабоднага прафсаюзу – працаўнікоў заводу “Зеніт”. Рабочыя лічаць, што сацыяльная напружанасьць на прадпрыемстве ўзьнікла ня толькі па віне міністэрства прамысловасьці, але і з-за мясцовай улады, якая не зьвяртае ўвагі на праблемы заводу. Паводле іхнай думкі, зьмены кіраўнікоў нічога не даюць. У траўні па асабістым жаданьні звольнены генэральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Новікаў, які прапрацаваў крыху больш як 6 месяцаў. Вось як пракамэнтаваў сытуацыю лідар свабоднага прафсаюзу заводу Аляксандр Каралёў: “На жаль, рабочым ад гэтага ня лепш, а есьці хочацца заўжды і пры любой уладзе. Відаць, з-за адсутнасьці пэрспэктываў колькасьць рабочых кожны год зьмяншаецца. Летась звольнілі больш як дзьве сотні.” Рабочыя патрабуюць ад ураду, адміністрацыі і міністэрства прамысловасьці неадкладных мераў па стабілізацыі на прадпрыемстве, дапамогі працоўнаму калектыву ў пераадольваньні крызісу. Аднак, магілёўскія рабочыя спадзяюцца ня толькі на дапамогу зь Менску, але і на ўласныя сілы. Акрамя звароту ў суд, свабодный прафсаюз прадпрыемства падрыхтаваў заяву ў Магілёўскі гарвыканкам на правядзеньне акцыі пратэсту. Як заявіў А. Каралёў, толькі дзякуючы актыўным дзеяньням, можна прымусіць уладу захоўваць нашыя законныя правы і інтарэсы. Інакш заўтра можна апынуцца бяз працы і заробку, і так адбудзецца ня толькі на нашам заводзе, а рана ці позна на ўсіх прадпрыемствах краіны.” Такое выказваньне грунтуецца на рэальных доказах. Менавіта свабодны прафсаюз працаўнікоў заводу “Зеніт” пасля ягоных працяглых намаганьняў і акцыяў пратэсту першым у Магілёве пастаўлены на ўлік у мясцовых органах ўлады. Аляксандр Сердюкоў, Магілeў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |