RFE/RL |
Панядзелак, 29 Траўня 2000 |
Сёньня |
У мінулую суботу гледачы праграмы дзяржаўнае тэлевізіі “Панарама” былі сьведкамі надзвычайнай у сёньняшніх беларускіх умовах зьявы – у наўпроставым эфіры нечакана зьявіўся былы старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч. Ягоны выступ, аднак, доўжыўся ўсяго паўхвіліны. Як толькі вядучаму Юрыю Казіятку не спадабаліся ацэнкі суразмоўцы, мікрафон быў імгненна выключаны, Шушкевіча на паўслове перапынілі, і ён зьнік з кадру, а Казіятка пачаў даваць зьневажальны для асобы спадара Шушкевіча камэнтар. Сёньня Станіслаў Шушкевіч наведаў менскае бюро нашага радыё. (Карэспандэнт: ) “Спадар Шушкевіч, распавядзіце, калі ласка, якім чынам Вы трапілі ў наўпроставы эфір Беларускае тэлевізіі, і што адбывалася ў тэлестудыі “Панарамы” перад Вашым выступам і пасьля таго, як вядучы Казіятка перапыніў Вас на паўслове. Ці прысутнічала ў студыі ці апаратнай высокае тэлевізійнае начальства?” (Шушкевіч: ) “Тыя абяцаньні, што нам дадуць прамы эфір, доступ да сродкаў масавай інфармацыі, трэба неяк пацьвердзіць. Увесь час, напрыклад, амбасадар Вік – прадстаўнік АБСЕ – гаворыць, што сытуацыя паляпшаецца. Як у пацьверджаньне гэтага мне тэлефануе вось гэты самы Казіятка – я ўпершыню яго чуў. І да гэтага ніколі ня бачыў, бо не ўключаю гэтую праграму, ведаючы, што ў яго там напарнік ці начальнік такую бязглуздзіцу нясе, што сорам слухаць. Тым ня менш, ён зьвярнуўся да мяне і кажа, што яны гатовыя запісаць камэнтар аб тым, як я стаўлюся да дыялёгу. Я сказаў, што ні па якому пытаньню для “Панарамы” ня буду нічога запісваць, таму што яны ўсё гэта зьнявечаць, і я вельмі не хачу выглядаць дурнем. Тады ён кажа, што калі дойдзе да прамога эфіру, дык калі ласка, але ня больш за дзьве хвіліны. Я кажу: “Дзякую, мне дастаткова”. Я зразумеў так, што адмовіцца ня маю права. Вы ўяўляеце, што будзе, калі яны запішуць тэлефонную размову, у якой я адмовіўся ад прамога эфіру? Я ведаў, што будуць нейкія правакацыі, але ня ведаў якія. Тым ня менш, я пайшоў да яго. Размова была даволі цікавай аб маёй паездцы ў Злучаныя Штаты, аб тым, што я там рабіў. Я гаварыў, што Злучаныя Штаты добра ставяцца да станоўчых зьменаў у нас, яны адстойваюць стандарты дэмакратыі, правоў чалавека, і мне было цікава там працаваць. Я сказаў, у якіх унівэрсытэтах я чытаў лекцыі, дзе я выступаў. Здавалася, што ён сапраўды цікавіцца. Але гэта было зроблена, каб мяне заспакоіць і зрабіць нейкую нечаканасьць. Шчыра кажучы, я ня вельмі зьвяртаў увагу на пытаньні. Што мяне абразіла: перад гэтым перадача ішла пра расейскія рэгіёны і беларускія вобласьці разам з гэтымі расейскімі рэгіёнамі, і мой родны Менск, як нейкі прыдатак да гэтай цэнтральнай Расеі, зьбіраўся на нейкую там нараду. І усё гэта выхвалялася, што гэта на карысьць. І ніводнай лічбы на карысьць нейкіх станоўчых зьмен у нас. Я фактычна сядзеў ужо абураны тым, што больш чым 50% прысьвечана Расеі
беларускай перадачы, і аніякай карысьці ад усіх гэтых кантакаў. А пасьля
– ваенна-палітычны саюз, ваенная ідэалёгія і гэтак далей. І пасьля гэтага
нечаканае пытаньне. Я пачаў гаварыць. Гэта не спадабалася, я быў абарваны.
Вось уся гісторыя. Ніякага начальства не было”.
(Шушкевіч: ) “Думаю, што ён атрымаў заданьне з двух пунктаў. Першае, пацьвердзіць, што апазыцыя, і я асабіста, маем доступ да прамога эфіру, і другое – зьняважыць, каб адбіць ахвоту шукаць прамы эфір”. (Карэспандэнт: ) “Цяпер у Вас ёсьць магчымасьць сказаць людзям тое, пра што Вам не далі сказаць на дзяржаўнай тэлевізіі. Калі ласка…” (Шушкевіч: ) “Я выкарыстаю дзьве хвіліны з вашага дазволу. Я хацеў сказаць, што беларусы сёньня працуюць ня горш, чым іхныя заходнія суседзі, што талентам мы не пакрыўджаныя, што людзі сумленныя, працавітыя і шчырыя, і што заробкі нашых заходніх суседзяў у 5-8 разоў перавышаюсь заробкі беларусаў. Куды дзяюцца тыя грошы, калі мы працуем нядрэнна, і калі рэжым сьцьвярджае рост валавага ўнутранага прадукту? Адказ адзін (рэжым ня можа ў такіх маштабах хлусіць): проста крадуць тыя, хто над намі. Глядзіце: вырубаюцца беларускія лясы, адміністрацыя прэзыдэнта здае нешта ў арэнду ў горадзе Менску, атрымлівае грошы, якія ня йдуць у бюджэт. Народ проста абрабоўваюць. Трэба зьвярнуць на гэта ўвагу, трэба быць пільнымі. Я хацеў сказаць, што гэта разумеюць і нашыя далёкія суседзі, бо ў часе паездкі быў у Сусьветным банку, МВФ, і каб Беларусь пацьвердзіла сваю сумленасьць і падпарадкаванасьць закону, яна магла б атрымаць шалёныя крэдыты. Я проста гарантую, што гэта можа быць. Мы маглі б пайсьці хутчэй, чым палякі. Я перакананы ў гэтым. Народ засумаваў па добрай працы. І гэта можна зварухнуць. Ёсьць рынак, ёсьць патрэба ў гэтым. Але ўрад кіруецца палітрукоўскімі лёзунгамі. І калі адзін чалавек лічыць, што ён разумнейшы за іншых, гэта так званы вонкавы розум. Паглядзіце, што сёньня робіцца ў 20 км ад Менска і далей, у якой сельскай бальніцы, у гэты ж час будуюцца лядовыя палацы. Я хацеў на гэтае зьвярнуць увагу. І што дыялёг патрэбны для таго, каб знайсьці цывілізаванае выйсьце з гэтага агіднага становішча. Калі адны жыруюць і крадуць, а іншыя жывуць у бядноце”. (Карэспандэнт: ) “Пасьля ўсяго, што адбылося з Вамі на БТ у сыботу, ці варта апазыцыі ўвогуле прымаць запрашэньні выступаць у дзяржаўных мас-мэдыях?” (Шушкевіч: ) “Аб’яўляць байкот запрашэньням нельга – мы жылі і ў больш цяжкіх умовах, але трэба вывучыць вопыт. У наступны раз я ў 40 секунд укладу болей, у іх жа няма такіх шырокіх магчымасьцяў, каб кожнага падмануць. Яны ж фактычна прымітывы. Зўважце: перадачы ідуць кожны раз аднолькавым чынам. Трэба аблаяць і ўсё. А паколькі ніхто ня можа сказаць слова супраць гэтай лаянкі , то, як быццам, гэта і праўда. Трэба выкарыстоўваць кожную сэкунду. Я падлічыў, што на палітычныя тэмы БТ гаворыць 20 гадзін на тыдзень. Я атрымаў адну хвіліну. Калі палічыць, гэта маленькая доля адсотку. Глядзіце, які гвалт узьняўся. Калі атрымаюць дэпутаты Вярхоўнага Савету, Багданкевіч, прадстаўнікі іншых партыяў, БНФ 30-40 сэкунд – праўду лёгка данесьці да людзей. І калі яна пойдзе па БТ, гэта паскорыць прымусовае цывілізаванае выйсьце з таго агіднага становішча, у якім мы знаходзімся. А выхад ёсьць.”. (Карэспандэнт: ) “Дзякуй, спадар Шушкевіч”. Нагадаю слухачом, што ў менскай студыі “Радыё Свабода” на нашыя пытаньні адказваў былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі, лідэр партыі “Сацыял-Дэмакратычная Грамада” Станіслаў Шушкевіч”. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |