RFE/RL |
Панядзелак, 29 Траўня 2000 |
Сёньня |
У мінулую нядзелю ў Маскву прыбыла дэлегацыя апазыцыйных сэрбскіх лідэраў. Сёньня яны сустрэліся з прадстаўнікамі партыі “Яблоко”, а таксама з кіраўніком аднаго з рэгіянальных дэпартамэнтаў расейскага МЗС. Сэрбскі і беларускі народы вельмі падобныя. І ня толькі тым, што абедзьве краіны – ізгоі ў сучаснай Эўропе, што імі кіруюць дыктатары, што менавіта іх Расея разглядае як сваіх саюзьнікаў. Шырока распаўсюджаныя сымпатыі да Расеі спараджаюць у пэўных колах апазыцыі і Беларусі, і Сэрбіі спадзяваньні на тое, што Масква можа садзейнічаць дэмакратызацыі абедзьвюх краінаў. Як Расея падтрымлівае дэмакратыю ў сваіх саюзьнікаў – беларусы добра памятаюць па рэфэрэндуме 1996 году. У мінулую нядзелю ў Маскву прыбылі лідэры найбольш ўплывовых сэрбскіх апазыцыйных партыяў: Вук Драшкавіч, Ваіслаў Кастуніца і Зоран Джынджыч. Кіраўнік дэлегацыі Драшкавіч напярэдадні візыту выказаў спадзяваньне, што “Расея спыніць падтрымку белградзкага рэжыму і пасадзейнічае ператварэньню Сэрбіі ў дэмакратычную дзяржаву”. Сэрбскія апазыцыянэры прыехалі ў Маскву на запрашэньне партыі “Яблоко”. Але, паводле словаў Драшкавіча, яшчэ 10 дзён таму была дасягнутая дамоўленасьць, што пад час візыту адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў сэрбскай апазыцыі з расейскім міністрам замежных справаў Ігарам Івановым. Тым ня менш сёньня прэсавая служба МЗС Расеі паведаміла, што сп-р Іваноў сэрбскіх гасцей ня прыме, бо цалкам заняты сустрэчай з прадстаўнікамі Эўразвязу. Супярэчлівая інфармацыя, якая паступае сёньня з Масквы, ёсьць адлюстраваньнем ваганьняў афіцыйнае Масквы ў адносінах да сытуацыі ў Сэрбіі. Паведамляецца, што сёньня раніцай сэрбскія апазыцыянэры былі прынятыя кіраўніком аднаго з рэгіянальных дэпартамэнтаў расейскага МЗС, дасьведчаныя крыніцы ня выключаюць, што адбудзецца іх сустрэча з адным з намесьнікаў міністра замежных справаў. Гасьцей з афіцыйнага Белграду Масква прымае значна больш цёпла і на значна больш высокім ўзроўню: нядаўна Маскву наведалі міністры замежных справаў і абароны Югаславіі. Прыём, аказаны кіраўніку абарончага ведамства Югаславіі Драгалюбу Айданіку наогул выклікаў міжнародны скандал – сп-р Айданік расшукваецца трыбуналам ААН у вайсковых злачынствах. Але для Расеі адносіны з Югаславіяй, як, дарэчы, і з Беларусьсю, - частка
яе больш шырокай эўрапейскай і ўсясьветнай палітыкі.
Зрабіць жэст ў бок сэрбскіх апазыцыянэраў Маскву мог прымусіць таксама ўздым масавых хваляваньняў у Югаславіі – ўжо больш тыдня шмат ў якіх гарадох Югаславіі праходзяць мітынгі і дэманстрацыі супраць наступу на свабоду слова і з патрабаваньнямі адстаўкі прэзыдэнта Мілошавіча. Цікава адзначыць, што з усіх думскіх фракцыяў з сэрбскімі апазыцыянэрамі сустрэліся толькі прадстаўнікі фракцыі “Яблоко”. Кіраўнік камітэту Думы па зьнешніх сувязях Рагозін, які яшчэ ўчора абяцаў прыняць гасьцей, сёньня накіраваў на сустрэчу зь імі сваіх намесьнікаў. І сёньняшняя паездка сэрбскіх апазыцыянэраў у Маскву, і беларускі досьвед сьведчаць пра тое, што падтрымка дэмакратыі ў краінах-саюзьніцах ня лічыца ў сьпісе прыярытэтаў расейскае зьнешняе палітыкі. Юры Дракахруст
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |