RFE/RL |
Пятніца, 26 Траўня 2000 |
Сёньня |
Вядомы адвакат і праваабаронца Гары Паганяйла лічыць, што Юлія Чыгір не парушыла заканадаўства, калі аказвала супраціў міліцыянту, які 19 траўня ўжыў супраць яе сілу. Паганяйла сьцьвярджае , што гэта міліцыянт парушыў закон аб міліцыі, што, паводле ягоных назіраньняў стала нормаю ў Беларусі. Афіцэр міліцыі, якога Юлія Чыгір укусіла за вуха пад час сутычкі на ганку гарадзкога суду 19 траўня , падаў на яе скаргу ў пракуратуру. Пра гэта паведаміў генэральны пракурор Алег Бажэлка, заявіўшы пры гэтым, што справа яшчэ ня ўзбуджаная, вядзецца разьбіральніцтва абодвух заяваў, у тым ліку й скаргі Юліі Чыгір на незаконныя дзеяньні міліцыянта. Юлія Чыгір, дарэчы, дагэтуль ня ведае прозьвішча пацярпелага ад яе зубоў міліцыянта. Яна спрабавала высьветліць яго дадзеныя ў палкоўніка Русака з гарадзкое ўправы міліцыі, які 19 траўня кіраваў дзеяньнямі міліцыянтаў у гарадзкім судзе, але палкоўнік нават прозьвішча свайго падначаленага не назваў. Юлія Чыгір кажа, што ёй шкада пацярпелага як чалавека, але дзейнічаў ён незаконна, і ёй нічога не заставалася, як абараняцца такім нетрадыцыйным чынам. (Юлія Чыгір: ) “У той момант я адчувала жудасны боль на сваёй руцэ. Мае рукі былі заломаныя за сьпіну і знаходзіліся ў нерухомым становішчы. У мяне не было ніякай магчымасьці абараняцца, акрамя свабодных зубоў. Я ў пракуратуры так і сказала, што хай дзякуе, што ў мяне перад ротам аказалася ягонае вуха, а не нос ці нешта іншае. Я не зрабіла нічога супрацьзаконнага, абсалютна. Проста так рабіць гвалт нада мной – я да гэтага не прывыкла. Каб гэта быў Бажэлка, той жа Лукашэнка, я б зрабіла тое самае”. Гэта была жонка экс-прэм’ера Міхала Чыгіра Юлія Чыгір, якая пад час судовага працэса абараняла Чыгіра як адвакатка, і вось давялося ёй і самой уступіць у сутычку з нашаю праваахоўчаю сыстэмаю. Ці парушыла пры гэтым Юлія Чыгір закон хаця б фармальна? Былы судзьдзя, цяпер вядомы адвакат і праваабаронца Гары Паганяйла гэтак ня лічыць. Ён вызначае дзеяньнні Юліі Чыгір як вымушаную самаабарону. (Паганяйла: ) “У адносінах яе супрацоўнік міліцыі незаконна ўжыў грубую сілу. Яе дзеяньні былі абарончымі і не павінны быць расцэненыя нават як дысцыплінарны ці адміністрацыйны праступак”. Гары Паганяйла далей нагадаў, што згодна з законам міліцыя не можа проста так нават затрымаць чалавека, дзеля гэтага патрэбныя падставы, пра якія затрыманаму ў той жа час мусяць паведаміць. Да таго ж трэба самім міліцыянтам называцца і абвяшчаць чалавеку, куды ён будзе дастаўлены. “На Юлію Чыгір фактычна напалі, міліцыянт схапіў яе ззаду за рукі, нават падняў і кудысьці пацягнуў, ён аніяк не прадставіўся, і таму, у такіх абставінах, яна мела ўсе правы актыўна супраціўляцца”, – гэтак лічыць Гары Паганяйла. Што ж да міліцыянта, дык гэта якраз ён парушыў закон. Які дакладна – адвакат удакладняе: “Закон Рэспублікі Беларусь аб міліцыі, у якім абумоўлены парадак ужываньня фізычнае сілы супраць грамадзянаў”, – гэты закон, лічыць Паганяйла, і парушыў міліцыянт, што пацярпеў ад Юліі Чыгір, а цяпер падаў скаргу на яе ў пракуратуру. Сытуацыя зь Юліяй Чыгір, на думку вядомага праваабаронцы, дастаткова тыповая для Беларусі. У беларускім Гэльсынскім камітэце, які займаецца абаронаю правоў грамадзянаў нашае краіны, паводле Паганяйлы, сабралося шмат заяваў ад грамадзянаў, якія скардзяцца на незаконнае ўжываньне міліцыянтамі сілы супраць ніх. Гэтыя матэрыялы адпраўляюцца для рэагаваньня ў пракуратуру, іншыя дзяржаўныя ворганы, але ўлады ігнаруюць сыгналы праваабаронцаў. “Ні па аднаму з гэтых матэрыялаў нам не адказалі, што прынятыя меры супраць супрацоўніка міліцыі Пятрова, Іванова ці Сідарава. Не. Нам пішуць – скарга разгледжана, падставаў для ўзбуджэньня крымінальнае справы няма. Кропка. Прарурор такі та”, – сказаў намесьнік старшыні БГК Гары Паганяйла. Цяпер праваабаронцы маюць намер зьвярнуцца ў генэральную пракуратуру й паведаміць туды прозьвішчы тых міліцыянтаў і пракурораў, якія дасылаюць такія фармальныя адказы, не зьбіраючыся ўнікаць у сутнасьць справаў пра парушэньні правоў людзей. Але вялікіх спадзеваў на тое, што Генэральная пракуратура паставіцца да гэтых фактаў інакш, у спадара Паганяйлы няма. Ён лічыць: (Паганяйла: ) “У нас закон не працуе. Праваахоўчыя ворганы не абараняюць правоў грамадзянаў, не прыцягваюць асобаў, што вінаватыя ў іх парушэньні, да адпаведнай адказнасьці”. Гэтак заяўляе вядомы ў Беларусі праваабаронца Гары Паганяйла на падставе свайго досьведу й справы Юліі Чыгір, якая, абараняючы сябе, пакусала міліцыянта. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |