RFE/RL |
Пятніца, 26 Траўня 2000 |
Сёньня: |
Пастаўкі нафты з Расеі ў Беларусь значна скараціліся. Гэта сур’ёзна адаб’ецца на коштах на нафтапрадукты, а таксама на стане беларускае прамысловасьці. Пастаўкі нафты з Расеі паводле дадзеных на 23 траўня складаюць менш за 700 тысячаў тонаў, у той час як паводле агульнага паліўнага балянсу на гэты момант Расея мусіла была паставіць Беларусі 960 тысячаў тонаў. Прычынаў для зьніжэньня паставак як мінімум дзьве. Па-першае, хранічная беларуская запазычанасьць за энэрганосьбіты перад Расеяй. Вядома, што кіраўніцтва Беларусі заўсёды імкнецца атрымаць ад Расеі танныя энэрганосьбіты. Але, нягледзячы на нізкія кошты, Беларусь стала мае запазычанасьць з прычыны складанага фінансавага стану прадпрыемстваў, асабліва аграрнага сэктару. Фактычна пастаўкі нафтапрадуктаў аграпрамысловаму комплексу зусім не акупаюцца. Дарэчы, учора прэм’ер Уладзімер Ярмошын заявіў, што ўрад будзе праводзіць жорсткую палітыку ў галіне разьлікаў за энэрганосьбіты. Ярмошын паабяцаў, што аніякіх адтэрміновак у аплаце запазычанасьці надалей ня будзе. Але ж выключэньнем ізноў-такі стане аграпрамысловы сэктар, запазычанасьць у якім большая, чым у прамысловасьці. Іншай прычынаю зьніжэньня паставак нафты можа быць значнае – у шэсьць разоў – падвышэньне акцызаў на нафтапрадукты ў Расеі, пра якое расейскі ўрад паведаміў учора. Гэта значыць, што беларускія прадпрыемствы чакае рэзкае скарачэньне паставак давальнае сыравіны. Вырабляць і прадаваць нафтапрадукты стане больш выгадна ў Расеі. Можна чакаць, што ў выніку скарачэньня паставак і падвышэньня акцызаў у Расеі ў Беларусі таксама значна павялічацца кошты на нафтапрадукты. Дарэчы, толькі ў траўні адбылося два падвышэньні. Аднак гэта, напэўна, яшчэ не апошні за сэзон рост коштаў на бэнзын. Ганна Навумовіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |