RFE/RL |
Пятніца, 26 Траўня 2000 |
Сёньня |
“Я ня бачу перадумоваў для ўваходжаньня Ўкраіны ў сыстэму калектыўнае бясьпекі СНД”, – лічыць палітоляг, кандыдат гістарычных навук Аляксандар Ціхаміраў. (Цыганкоў: ) “Стасункі Ўкраіны й Беларусі, суседніх дзяржаваў, якія абралі розныя вонкапалітычныя вэктары, разьвіваюцца далёка ня лепшым чынам. Тут і шматгадовая праблема ўкраінскае запазычанасьці, і падзеньне ўзаемнага таваразвароту, і скандальныя палітычныя сытуацыі, напрыклад, калі летась Аляксандар Лукашэнка ня быў запрошаны ў Ялту на сустрэчу кіраўнікоў краінаў рэгіёну. Чаму беларуска-ўкраінскія дачыненьні разьвіваліся менавіта такім чынам? З гэтага пытаньня мы пачалі размову з Аляксандрам Ціхаміравым…” (Ціхаміраў: ) “Беларусь і Ўкраіна на першых парах імкнуліся ўступіць у эўрапейскую супольнасьць, але імкнуліся паасобку. Гэта выглядала як канкурэнцыя. Інакш яны глядзелі на СНД. У той час, як Беларусь імкнулася да больш трывалага саюза перш за ўсё з Расеяй, Украіна старалася адасобіцца ад Расеі і імкнулася наадварот прыстасавацца як мага хутчэй да эўрапейскіх структураў. Украіна разглядала СНД як часовы мэханізм, які павінен спрыяць цывілізаванаму разводу. А Беларусь наадварот імкнулася ўмацаваць яго аж да таго, каб стварыць наднацыянальныя органы з шырокімі паўнамоцтвамі. Гэта таксама спрыяла аддаленьню Ўкраіны і Беларусі. Украіна дрэйфавала ў бок захаду, Беларусь – у бок Расеі”. (Цыганкоў: ) “Сёньня адной з праблемаў двухбаковых адносінаў зьяўляецца праблема гэтак званага доўгу. Гэтак званага таму, што Ўкраіна заяўляе, што яго няма, а Беларусь кажа, што Ўкраіна вінаватая ёй больш за 200 мільёнаў”. (Ціхаміраў: ) “Доўг стварыўся па-сутнасьці не ў савецкія, а ў постсавецкія часы, у 1992 годзе, калі Беларусь пастаўляла сваю прадукцыю на Ўкраіну. Украіна тады за яе не плаціла. Тады былі праблемы з узаемаразьлікамі. Беларусь патрабуе, каб ёй вярнулі гэты доўг нейкай маёмасьцю, а Ўкраіна не сьпяшаецца з гэтым, і гэта будзе цягнуцца, я думаю, яшчэ не адзін год”. (Цыганкоў: ) “Сёньня ў Берасьці яна ня будзе вырашаная?” (Ціхаміраў: ) “Я думаю, што не. У Беларусі няма мэханізмаў, каб запатрабаваць ад Украіны неадкладнае выплаты доўгу. Адзінае – дамова аб мяжы, які Беларусь ня хоча ратыфікаваць. Але гэта не такая істотная праблема”. (Цыганкоў: ) “Украіна досыць жорстка акрэсьліла свой зьнешнепалітычны
вэктар. Але Аляксандар Лукашэнка пры кожнай нагодзе паўтарае, што Ўкраіна
павінна ці ўваходзіць у беларуска-расейскі саюз, ці, як апошні раз, у дамову
аб калектыўнай бясьпецы.
(Ціхаміраў: ) “Гэта яго асабісты погляд, яго мроі без уліку рэальнай палітыкі Ўкраіны, і пазыцыяў украінскай эліты. Украіна выразна акцэнтуе празаходні напрамак у сваёй палітыцы. Яна ўмацуоўвае свае адносіны з НАТА, на яе тэрыторыі праходзяць вучэньні НАТА. Ёй калектыўная бясьпека СНД непатрэбная – яна зодлела стварыць вакол сябе сяброўскае акружэньне. Тым больш, што калектыўная бясьпека будзе падпарадкаваная Расеі”. Гутарыў Віталь Цыганкоў, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |