RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 25 Траўня 2000

Сёньня



Ужо другі раз на гэтым тыдні Масква выступіла з пагрозамі бамабаваньня тэрыторыі Афганістану з нагоды падтрымкі, якую, нібыта, аказвае рух Талібан чачэнскім незалежнікам. Калі ў панядзелак гэтыя пагрозы прагучалі ў выступе прэсавага сакратара Крамля, дык у сераду такую магчымасьць пацьвердзіў міністар замежных справаў Расеі. Міжнародны друк працгявае актыўна абмяркоўваць тэму апошніх расейкіх пагрозаў.

Як піша сёньня New York Times, некаторыя экспэрты лічаць, што Масква пачала бразгаць зброяй з мэтай прымусіць Талібан спыніць ягоныя сувязі з ісламістамі ў былых савецкіх рэспубліках. Прадстаўнікі расейкага кіраўніцтва таксама падкрэсьліваюць, што Крэмль ня мае плянаў вялікай паветранай атакі на Афганістан. Аднак, Расея паставіла Злучаныя Штаты Амэрыкі ў вельмі няёмкае становішча за тыдзень да маючай адбыцца сустрэчы Біла Клінтана з Уладзімерам Пуціным у Маскве.

Вашынгтон супраць таго, каб Крэмль пашыраў канфлікт у Чачні на ўвесь Каўказ альбо да паўднёвых межаў рэспублік Цэнтральнай Азіі, пагражаючы Афганістану. Але ж у 1998 годзе адміністрацыя Клінтана пайшла на ракетную атаку супраць базаў тэрарыстаў у Афганістане пасьля выбухаў у амэрыканскіх амбасадах у Кеніі ды Танзаніі.

Больш за тое, галоўны аб’ект тых удараў – саўдавец Асама Бен Ладэн, якога Вашынгтон вышуквае паводле падазрэньня ў арганізацыі выбухаў, маюць на мэце й расейцы. Расейкія прадстаўнікі сьцьвярджаюць, што Бен Ладэн разам з ісламісцкімі групоўкамі падтрымліваюць чачэнцаў зброяй.

Аднак, як заявіў высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі Клінтана, у ЗША лічаць, што Расея мусіць быць больш стрыманай у выказваньнях. “Мы ня думаем, што якія б там ні было прычыны маглі б апраўдаць пашырэньне чачэнскай вайны”, – сказаў ён.

Амэрыканскія экспэрты лічаць, што Расея перабольшвае ролю замежнай дапамогі, спрабуючы паказаць, што вайна ў Чачні скіраваная супраць экстрэмістаў, а ня супраць чачэнскіх незалежнікаў.

Раней у гэтым месяцы Пуцін заявіў, што ісламскія паўстанцы ва Ўзьбэкістане ды іншых рэспубліках былога СССР таксама атрымалі дапамогу з замежных крыніцаў, – нагадвае New York Times.
Брытанская The Guardian піша, што Ўладзімер Пуцін у часе сваёй паездкі ў Менск, на сустрэчу лідэраў краінаў СНД, якія уваходзяць у мытны саюз, прадэманстраваў яшчэ большае імкненьне да ўзмацненьня ўплыву Расеі на суседнія краіны, да аднаўленьня яе дзяржаўнай моцы.

Сакратар Рады Бясьпекі Расеі Сяргей Іваноў заявіў у Менску, што ён не выключае “ваеннай акцыі” у выпадку, калі Талібан будзе ціснуць на хаўрусьнікаў Расеі – у прыватнасьці, Таджыкістан і Кыргызтан.
Дарэчы, многія расейкія сродкі масавай інфармацыі зьвяртаюць увагу на яшчэ адно выказваньне Сяргея Іванова – аб тым, што неабавязкова ўжываць вайсковыя сілы, дастаткова, напрыклад, групы “Альфа”.

Варта нагадаць у гэтай сувязі, што менавіта з захопу савецкай групай “Альфа” палацу Ідзі Аміна ў Кабуле пачалася ў 79-м годзе вайна ў Афганістане, у якой загінулі прынамсі 15 тысячаў савецкіх жаўнераў і сотні тысячаў афганцаў.

Афганскае Ісламскае агенцтва паведаміла ўжо аб выказваньні прадстаўніка талібаў, што ў выпадку прэвэнтыўных удараў з боку Расеі адказнасьць панясуць Узьбэкістан і Таджыкістан.
Сьпікер Дзяржаўнай Думы Генадзь Селязьнёў, а таксама адзін зь лібэральных лідэраў Барыс Нямцоў асудзілі пляны бамбаваньня Афганістану. Аднак, міністар замежных справаў Ігар Іваноў, віцэ-прэм’ер Ілья Клябанаў і міністар абароны Ігар Сяргееў далучыліся да пагрозаў.

Крыніцы ў атачэньні маршала Сяргеева паведамілі, што пляны бамбаваньня Афганістану падрыхтаваныя, і слова застаецца толькі за палітычным кіраўніцтвам. “Як толькі рашэньне будзе прынятае, удар будзе нанесены адразу ж”, – прыводзіць словы крыніцы ў міністэрстве абароны газэта The Guardian.

Віталь Тарас


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org