RFE/RL |
Чацьвер, 25 Траўня 2000 |
Сёньня |
Сёньня ў судзе Ленінскага раёну Берасьця распачаўся разгляд пазову кіраўніка абласной арганізацыі Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Генадзя Самойленкі да ўправы казначэйства Берасьцейскае вобласьці аб кампэнсацыі стратаў, што былі нанесеныя незаконным накладаньнем адміністрацыйнага арышту. Пацярпелы ацэньвае маральную шкоду ў 500 тысячаў дэнамінаваных рублёў. 8 сьнежня летась Генадзь Самойленка быу затрыманы міліцыянтамі ў Берасьці пад час правядзеньня несанкцыянаванай акцыі “Сьвечка Незалежнасьці”, скіраванай супраць падпісаньня саюзнае дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй. У складзеным пазьней пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэньні Самойленка быў абвінавачаны ў тым, што “з запаленай сьвечкай у руках у складзе групы грамадзянаў публічна выказваў сваю нязгоду з падпісаньнем дамовы кіраўнікамі дзяржаваў Беларусі і Расеі шляхам распаўсюджваньня незаконных друкаваных вырабаў”. Як паведамляе ў сваёй зыскавай заяве Генадзь Самойленка, кіраваў затрыманьнем падпалкоўнік Трубчык, які загадаў міліцыянтам завезьці затрыманага ў пастарунак і абшукаць яго. У Самойленкі былі адабраныя два кіляграмы ялавічыны, два кіляграмы сьвініны і 74 рэклямныя праспэкты Аб’яднанай Грамадзянскай партыі. Гэтыя рэчы спадару Самойленку дагэтуль нявернутыя. Пасьля вобшуку ён быў зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а на наступны дзень, 9 сьнежня, адвезены ў Ленінскі раённы суд Берасьця, дзе судзьдзя Алег Міранюк прызнаў Самойленку вінаватым у парушэньні артыкулу 167, частка 1 “Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях” і вынес пакараньне – 10 суткаў арышту. Пасьля выхаду на волю, Генадзь Самойленка абскардзіў гэты прысуд, і ў выніку пастановы старшыні Берасцейскага абласнога суду Цімафіевіча, рашэньне суду першай інстанцыі было адмененае, а справа накіраваная на новы разгляд. 6 сакавіка 2000 году яна была спынена ў сувязі з адсутнасьцю ў дзеяньнях Генадзя Самойленкі падзеі і складу адміністрацыйнага правапарушэньня. Такім чынам, як лічыць лідэр берасцейскай арганізацыі АГП, ён незаконна быў асуджаны на 10 суткаў арышту і таму вымушаны падаць зыск, каб кампэнсаваць свае маральныя і матэрыяльныя страты. Генадзь Самойленка ацэньвае гэтыя страты ў паўмільены дэнамінаваных рублёў. Адказьнікам па гэтым зыску названае Галоўнае ўпраўленьне казначэйства Берасьцейскае вобласьці, а ў якасьці трэціх асобаў па ўзгаданай справе спадар Самойленка плянаваў прыцягнуць Упраўленьне ўнутраных справаў аблвыканкаму і асабіста падпалкоўніка Трубчыка. Але сёння судзьдзя Тацяна Міранюк паведаміла, што ня бачыць неабходнасьці выклікаць ў суд трэція асобы, а пры наяўнасьці прэтэнзіяў да іх з боку Самойленкі, прапанавала падрыхтаваць асобны зыск. Акрамя таго, высьветлілася, што ў зыску была зроблена памылка ў адрасе адказьніка, з-за чаго прадстаўнікі абласнога казначэйства ня здолелі своечасова зьявіцца ў суд. Гэта дало падставы судзьдзі Міранюк адкласьці разгляд названай справы да 12 чэрвеня. Алег Супрунюк, Берасьце
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |