RFE/RL |
Чацьвер, 25 Траўня 2000 |
Сёньня: |
Супрацоўнікі амбасады Ізраіля, якія амаль тыдзень таму пасьпешна пакінулі Беларусь і сваім ад’ездам узмацнілі чуткі пра падвышэньне радыяцыйнага фону, пачалі вяртацца ў Менск. Першымі, учора ўвечары, прыляцелі першы сакратар амбасады Арон Шэхтэр і другі сакратар Рына Джэрасі. Інфармацыю пра вяртаньне ў Беларусь ізраільскіх дыпляматаў нашаму радыё сёньня пацьвердзілі супрацоўнікі менскага бюро гэбрайскай агэнцыі “Сахнут”. Разам са спадаром Шэхтэрам і спадарыняй Джэрасі ў Менск прыбылі афіцэр службы бясьпекі й спэцыяліст ў галіне радыяцыйнай экалёгіі. Яны павінны абсьледваць усе памяшканьні амбасады й спраўдзіць узровень радыяцыйнага фону. Атрыманыя вынікі экспэртызы будуць неадкладна перададзеныя ў Ізраіль. Прадстаўнікі агэнцыі “Сахнут” таксама паведамілі, што астатнія супрацоўнікі амбасады на чале з амбасадарам Марцінам Пэледам Флэксам вернуцца ў Менск ужо ў бліжэйшыя дні. У самой жа амбасадзе Ізраіля факт учорашняга вяртаньня першага й другога сакратароў, а таксама экспэртаў-радыяэколягаў не пацьвердзілі, але й не абверглі. Супрацоўніца амбасады проста параіла патэлефаніць і атрымаць усю неабходную інфармацыю ў панядзелак ураніцу, калі ўсе дыпляматы будуць на сваіх працоўных месцах. Разам з тым, прадстаўнікі і “Сахнут”, і амбасады Ізраіля сьцьвярджаюць, што тэрміновы выезд ізраільскіх дыпляматаў на радзіму быў выкліканы неабходнасьцю іх мэдычнага асьведчаньня. Тым часам інфармацыйная агэнцыя БелаПАН, са спасылкаю на інфармаваную крыніцу, сьцьвярджае, што такія захады перасьцярогі былі выкліканыя тым, што на працягу некалькіх дзён у памяшканьнях амбасады Ізраіля быў зафіксаваны высокі радыяцыйны фон. Амбасады Японіі, а таксама Нямеччыны ды іншых эўрапейскіх краінаў працуюць у звычайным рэжыме. Прэсавыя службы гэтых дыпляматычных прадстаўніцтваў паведамляюць, што беларускія ўлады інфармавалі іх пра стан радыяцыйнага фону ў краіне. І паколькі ён знаходзіцца ў норме, у дыпляматаў няма падставаў да непакою. У звычайным рэжыме таксама працуе й пэрсанал амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі. У прэсавай службе дыпляматычнага прадстаўніцтва ЗША паведамілі, што адмысловая група экспэртаў-радыяэколягаў з Вашынгтону, якія зьбіраліся спраўдзіць радыяцыйны фон у амбасадзе, у Менск так і не прыехала. Прычыны, з-за якіх гэты візыт быў адкладзены, супрацоўнікі амэрыканскай амбасады не паведамілі. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |