RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 25 Траўня 2000

Сёньня:



Генэральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка лічыць прысуд, які быў вынесены экс-прэм’еру Міхалу Чыгіру, занадта мяккім.
З былой дырэктаркі Дзяржаўнага цырку Беларусі Тацяны Бандарчук зьнятае абвінавачваньне ў выманьваньні хабару.
Ёсьць апэратыўныя зьвесткі пра магчымы лёс Юрыя Захаранкі й Віктара Ганчара, але абнародаваць гэтыя дадзеныя пракуратура пакуль ня хоча. Гэтыя навіны – з прэсавай канфэрэнцыі генэральнага пракурора Бажэлкі.

Генэральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка сёньня адказваў на пытаньні журналістаў адносна расьсьледваньня самых гучных справаў, якія асабліва турбуюць грамадзкасьць. Давялося пракурору выказацца й адносна прысуду, што быў вынесены днямі экс-прэм’еру Міхалу Чыгіру. Той факт, што Чыгір атрымаў адтэрміноўку ад зьняволеньня і быў апраўданы ў пяці з шасьці эпізодаў абвінавачваньня, генэральны пракурор зусім не вітае.

(Бажэлка: ) “Ёсьць у нас пэўныя прэтэнзіі да прысуду, прыкладам, па мільёну даляраў, што быў пераведзены з банку Чыгіром канадзкай фірме і адтуль не вярнуўся. У гэтым эпізодзе Чыгір апраўданы, хаця дзяржаўны абвінаваўца прасіў прыцягнуць яго да адказнасьці”, – паскардзіўся журналістам генэральны пракурор. Пры гэтым ён не адказаў дакладна на пытаньне, ці будзе пракуратура выносіць пратэст на рашэньне Гарадзкога суду. Бажэлка спаслаўся на тое, што прысуд яшчэ вывучаецца.

Алег Бажэлка зьдзівіў журналістаў і іншымі заявамі. Гэтак, зноў аказалася працягнутая справа ў трагедыі на Нямізе, таму сьледзтва й напярэдадні гадавіны гэтае сумнае падзеі ня можа сказаць, хто вінаваты ў гібелі 53 чалавек. Бажэлка сьцьвярджае, што затрымка ў расьсьледваньні адбылася з аб’ектыўнах прычынаў. Маўляў, высьветлена яшчэ 80 пацярпелых, і ўсіх трэба апытаць.

Адкуль ўзяліся гэтыя новыя пацярпелыя і чаму яны не зьявіліся раней? Ад Алега Бажэлкі было атрыманае наступнае тлумачэньне: “Людзі, напэўна, чыталі газэты з заклікамі міліцыі зьвяртацца, але чамусьці, зь нейкіх прычынаў, не зьвярнуліся, каб іх прызналі пацярпелымі, а зрабілі гэта пазьней. Гэта вельмі складаная справа, простай яна падаецца толькі на першы погляд”, – гэтак апраўдваў генэральны пракурор адсутнасьць вынікаў расьсьледваньня праз год пасьля трагедыі.

Сам Бажэлка лічыць, што вінаватыя, пэўна, ёсьць. Гэта некаторыя міліцыянты, якія, магчыма, парушылі пэўныя службовыя інструкцыі, але ці варта весьці гаворку пра іхную крымінальную адказнасьць – пракурор ня ўпэўнены. “Уражаньне такое, што вы больш шукаеце пацярпелых, а не вінаватых”, – падсумаваў адзін з журналістаў выказваньні генэральнага пракурора.

Цікавыя зьвесткі абвесьціў Алег Бажэлка пра вынікі некаторых гучных расьсьледваньняў. Гэтак, з былой дырэктаркі дзяржаўнага цырку Тацяны Бандарчук нядаўна зьнятае абвінавачваньне ў выманьваньні хабару. Цяпер яна правяраецца ў падазрэньні ў службовым злоўжываньні, а спробы атрымаць у якасьці хабару 4900 даляраў быццам і не было.

Пры гэтым, паводле Бажэлкі, артысты Цімчанкі, ад якіх быццам бы выманьвала грошы Бандарчук, сваю заяву на яе назад не забралі. Атрымліваецца, сьледчых удалося пераканаць, што гэта быў не хабар, а пазыка, пра што ад пачатку й заяўляла сваячка віцэ-прэм’ера Замяталіна Тацяна Бандарчук.

Анічога новага ня змог паведаміць Алег Бажэлка адносна пошукаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара ды Анатоля Красоўскага. Ён толькі пацьвердзіў, што гэтыя справы працягнутыя, адпрацоўваюцца розныя вэрсіі, ёсьць некаторыя апэратыўныя зьвесткі, якія могуць быць карысныя, але агалошваць іх у мэтах сьледзтва немагчыма.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org