RFE/RL |
Чацьвер, 25 Траўня 2000 |
Сёньня |
Апошнім часам на памежных пераходах беларуска-украінскаe мяжы чэргаў няма. Вялікія памежныя зборы, жорсткі кантроль, цяперашнія беларускія кошты на прадукты робяць чаўночны гандаль не прыбытковым. Некалькі гадоў таму, каб трапіць у суседнюю дзяржаву, беларусу трэба было адстаяць некалькі гадзінаў у чарзе на мытным пераходзе. Шматлікія чаўнакі з Пінску, Янава і Століна везьлі на Ўкраіну ў асноўным танныя айчынныя прадукты харчаваньня: кілбасу, хлебныя ды малочныя вырабы. Украінцы правозілі ў памежныя беларускія гарады традыцыйна таньнейшы ў іх алей, сала і цукар. Аднак цягам апошніх гадоў рабіць чалночны бізнэс стала амаль немагчыма. Акрамя шматлікіх памежных пабораў, зараз праз мытныя пераходы нічога, акрамя асабістых рэчаў, правезьці амаль немагчыма. Да таго ж на беларускіх кірмашах на гандляроў з суседняй краіны праваахоўчыя ворганы ладзяць сапраўдныя аблавы з арыштамі, канфіскацыяй ды штрафамі. Нягледзячы на гэта, ў Пінску таньнейшыя ўкраінскія мёд, цукар і алей можна набыць каля кірмашоў у любы дзень. Шмат хто з гандляроў праходзіць мяжу лесам. Аднак гэта вельмі небясьпечна – часам здараецца, што толькі за тыдзень супрацоўнікі Пінскага памежнага атраду затрымліваюць некалькі дзесяткаў парушальнікаў мяжы, некаторыя зь якіх спрабуюць правезьці ў абодвух накірунках цэлыя грузавікі з бульбай, цукрам ды алеем. Зьмяньшэньне аб’ёмаў чаўночнага гандлю выкліканае таксама хуткім ростам коштаў на Беларусі. Калі раней украінскія чаўнакі, прадаўшы свае тавары, сьпяшаліся набыць беларускія, дык зараз яны вязуць назад у асноўным даляры, бо на Беларусі купляць няма чаго. Кошты амаль на ўсе тавары, у тым ліку на датаваныя дзяржавай прадукты харчаваньня, зраўналіся з украінскімі, ды якасьць некаторых беларускіх прадуктаў, на думку ўкраінцаў, ня вельмі добрая. Чакаецца, што з-за адсутнасьці сродкаў у беларускіх калгасаў, сёлета зьменшыцца таксама і колькасьць украінцаў, якія звычайна прыяжджаюць на Беларусь з памежных раёнаў на сэзонныя работы. Аляксей Дзікавіцкі, Пінск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |