RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 24 Траўня 2000

Сёньня



Сёлета ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі павінны паступіць прыкладна 43 тысячы выпускнікоў сярэдніх школаў. Як і ў папярэднія гады, абавязковыя экзамены ў беларускай мове й літаратуры прадугледжаныя толькі на філялягічных факультэтах. Адметнасьць сёлетніх уступных іспытаў – тое, што надзвычай шырокія паўнамоцтвы ўлада надала кантралёрам з БПСМ.

Міністар адукацыі Васіль Стражаў паведаміў сёньня, што конкурс на адно навучальнае месца складзе прыкладна 2,8 чалавека. Сёлета Міністэрства адукацыі зрабіла некаторыя новаўвядзеньні пры прыёме ў ВНУ.

Так, на найбольш папулярныя спэцыяльнасьці іспыты будуць прымацца толькі ў пісьмовай форме. Васіль Стражаў лічыць такую форму найбольш дэмакратычнай і справядлівай. Веды ж абітурыентаў будуць ацэньвацца ў 6-бальнай шкале.

У некаторых прэстыжных навучальных установах, кшталту Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, ня будзе аніякіх палёгкаў для мэдалістаў – яны мусяць здаваць усе іспыты на агульных умовах. Застаецца ў сіле й такая савецкая сыстэма, як мэтавы набор студэнтаў на палегчаных умовах. Пэўныя палёгкі ў паступленьні таксама прадугледжаныя для прадстаўнікоў беларускае дыяспары.

За ходам прыёму ў ВНУ будуць сачыць адмысловыя кантрольныя камісіі, якія пераважна складаюцца з актывістаў прапрэзыдэнцкага Патрыятычнага Саюзу Моладзі. Паводле словаў Васіля Стражава, неўзабаве Лукашэнка павінен зацьвердзіць склад гэтых камісіяў. Гэтак званым маладым “патрыётам” надаюцца вялікія паўнамоцтвы, яны могуць нават адхіляць ад прыёму іспытаў выкладчыкаў, западозраных у неаб’ектыўнасьці. Пакрыўджаным варта толькі напісаць на выкладчыка адпаведную скаргу. Міністар Стражаў называе такую дзейнасьць кантралёраў аблягчэньнем жыцьця абітурыентаў на ўступных іспытах.

Гаворыць Васіль Стражаў:

(Стражаў: ) “Вось якраз задача тых, хто з БПСМ, – праца з моладзьдзю. Калі ёсьць скаргі, калі чалавеку трэба параіцца. Яны ня будуць кантраляваць выкладчыкаў, яны будуць дапамагаць моладзі аблегчыць яе жыцьцё на ўступных экзаменах”,

– паведаміў міністар адукацыі.

Адказваючы на пытаньні нашага радыё, Васіль Стражаў таксама паведаміў, што абавязковая здача іспытаў у беларускай мове й літаратуры застаецца толькі для тых, хто паступае на філялягічныя спэцыяльнасьці – у ва ўсіх астатніх ёсьць выбар – здаваць іспыт у беларускай ці ў расейскай мове. Пры гэтым спадар Стражаў сьцьвярджае, што ў вапошнія гады колькасьць абітурыентаў, што здавалі гэты экзамен па-беларуску й па-расейску, прыкладна аднолькавы – 50 на 50 адсоткаў.

А вось як ставіцца Васіль Стражаў да ідэі стварэньня ў Беларусі Нацыянальнага ўнівэрсытэту:

(Стражаў: ) “Мне што не падабаецца ў такіх словах? Я за нацыянальны ўнівэрсытэт. Не падабаецца тое, што быццам бы зараз у нас не нацыянальныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Гэта ня так, гэта ня так. Мы сёньня маем нацыянальную сыстэму адукацыі. І калі пад нацыянальным думаецца, што там выкладаньне толькі на беларускай мове, дык мы за два месяцы можам перавесьці адну ці дзьве ВНУ на выкладаньне толькі на беларускай мове. Няма праблем, з гэтым няма праблем. Ня ў гэтым справа. Тут больш палітычнага падыходу, чым адукацыйнага. А я павінен думаць аб адукацыі”,

– лічыць міністар Стражаў.

Праўда, чаму аніводная вышэйшая навучальная ўстанова да гэтага часу не пераведзеная на беларускую мову, спадар Стражаў так і не адказаў.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org