RFE/RL |
Серада, 24 Траўня 2000 |
Сёньня: |
(эфір 23 траўня) 23 траўня ў Менску прайшлі паседжаньні Рады кіраўнікоў урадаў і Міждзяржаўнае рады краінаў Мытнага саюзу, для ўдзелу ў якіх у беларускую сталіцу прыбылі лідэры Казахстана, Таджыкістана, Кіргізіі ды Расеі. Прэзыдэнты вырашылі ператварыць Мытны саюз у “міжнародную эканамічную арганізацыю”. На выніковай прэсавай канфэрэнцыі пасьля шматгадзінных паседжаньняў кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў Мытнага саюзу стала відавочна, што аніякіх дасягненьняў у іхным актыве няма. Некалькі другаразрадных угодаў кшталту пагадненьня пра адкрыцьцё філіялаў ВНУ ў краінах Мытнага саюзу посьпехам назваць нельга. І, відаць, каб прыкрыць гэты відавочны правал, была знойдзена фармулёўка аб зьмене статусу й назвы самой арганізацыі. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін зазначыў, што была дасягнутая згода кіраўнікоў усіх краінаў надаць новы зьмест Мытнаму саюзу – зрабіць яго інтэрнацыянальнай эканамічнай арганізацыяй, што мае міжнародную правасуб’ектавасьць. На думку Пуціна, гэта зьмяняе якасьць саюзу, што само па сабе – ужо рух наперад. Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, які быў пераабраны старшынёй Міждзяржаўнае рады Мытнага саюзу, паведаміў, што ўхваленае рашэньне аб стварэньні рабочае групы, якая да канца гэтага году распрацуе мэханізм такога ператварэньня Мытнага саюзу ў міжнародную эканамічную арганізацыю. Назарбаеў прапанаваў ёй назву – Эўразійскі мытны саюз. Ён жа прызнаў, што няма больш краінаў, якія жадалі б далучыцца да гэтай арганізацыі, што сьведчыць пра яе непрывабнасьць для іншых. Як паведаміў Аляксандар Лукашэнка, на паседжаньнях ворганаў Мытнага саюзу самымі вострымі тэмамі былі праблемы стварэньня зоны свабоднага гандлю, уніфікацыі мытных плацяжоў і транспартных тарыфаў. Згоды з боку Расеі, якой гэта невыгодна, тут не было. Таму панацэяй і тут выступіла стварэньне рабочае групы, якая павінна будзе прадставіць мэханізм усталяваньня адзіных мытных тарыфаў і правілаў. Для пачатку хаця б у групах тавараў. Прапановы гэтыя павінны быць вынесеныя на наступнае паседжаньне “пяцёркі” ў кастрычніку. Прэыдэнт Пуцін, які правёў сёньня перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, паведаміў, што ён запрасіў таго ў канцы чэрвеня зь візытам у Маскву, і чарговы раз падкрэсьліў, што Расея неабыякавая да справаў у Беларусі, зь якой падпісала дамову пра стварэньне саюзнае дзяржавы. А 24 траўня да гэтак званае “мытнае пяцёркі” далучыцца прэзыдэнт Арменіі, і ў Менску пройдзе чарговае паседжаньне Рады калектыўнае бясьпекі ў рамках СНД, якое павінна прыняць мэмарандум у падвышэньні эфэктыўнасьці дамовы пра калектыўную бясьпеку ды ягоную адаптацыі да сёньняшніх рэаліяў. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |