RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 24 Траўня 2000

Сёньня:



Усю першую палову дня раён вакол будынку СНД быў ачэплены міліцыяй і супрацоўнікамі службаў бясьпекі, якія ахоўвалі ўдзельнікаў сэсіі Рады калектыўнае бясьпекі шасьці краінаў СНД.

Асобы ў мундзірах і ў цывільным перакрылі ўсе прылеглыя да будынку СНД вуліцы й двары. Быў забаронены ня толькі праезд аўтамабіляў, але й праход мінакоў. Пры гэтым міліцыянты анічога людзям не тлумачылі, бо мала хто зь іх ведаў, што дакладна адбываецца ў агароджанам раёне. “Прэзыдэнты панаехалі”, – такі ляканічны адказ, напрыклад, пачуў я ад міліцыянтаў на рагу вуліцы Маркса й Камсамольскай.

Журналістаў у штаб-кватэру таксама не прапускалі, апроч тых, каму яшчэ тыдзень таму далі акрэдытацыю ў адміністрацыі Лукашэнкі.

Дзеля чаго былі прынятыя такія захады перасьцярогі? Аказваецца, каб шэсьць кіраўнікоў краінаў СНД змаглі прыняць дакумэнты ў адаптацыі дамовы пра калектыўную бясьпеку да сёньняшніх геапалітычных рэаліяў. Набліжэньне да рэаліяў, такім чынам, адбылося ня толькі ў дакумэнтах, але і ў рэальным жыцьці. Для менчукоў яно ўвасобілася ў шматлікіх праблемах пад час руху па гораду й чаканьні транспарту, які з-за руху шматлікіх картэжаў затрымліваўся часам на некалькі гадзінаў.

Што яшчэ вядома пра вынікі, і у прыватнасьці, пра вынікі сустрэчы міністраў абароны й міністраў замежных справаў?

Апроч ужо згаданага маім калегам мэмарандуму, а таксама зацьверджаньня шэрагу рэглямэнтных дакумэнтаў і абраньня новым сакратаром Рады калектыўнае бясьпекі кар’ернага расейскага дыплямата Валерыя Нікалаенкі, адзначу тое, што ані міністры замежных справаў, ані міністры абароны не абмінулі тэму, што стала з учорашняга дня галоўнай навіною – гэта пагроза з боку Расеі нанесьці прэвэнтыўны ўдар па Аўганістану, калі той будзе падтрымліваць чачэнцаў.

Сёньня ў Менску журналісты задалі пытаньні на гэты конт міністру абароны Расеі Ігару Сяргеяву й міністру замежных справаў Ігару Іванову. І абодва пацьвердзілі магчымасьць такога ўдару…

“Ёсць сытуацыі, калі на першае месца выходзяць ваенна-стратэгічныя абставіны, яны мацнейшыя ў параўнаньні зь іншымі. Напэўна, гэта адна з такіх сытуацыяў, калі разьведнымі дадзенымі будзе пацьверджаная заява, зробленая Ястржэмбскім”, – сказаў у Менску на сэсіі Рады калектыўнае бясьпекі расейскі міністар Ігар Сяргеяў.

Другі расейскі міністар – Ігар Іваноў, які кіруе вонкапалітычным ведамствам, быў яшчэ больш катэгарычным адносна шанцаў на тое, што Расея пачне бамбіць базы талібаў у Аўганістане. Гэта цалкам магчыма, і Расея да гэтага гатовая, – заявіў журналістам Ігар Іваноў, які лічыць такія ўдары “прэвэнтыўнымі”. Іваноў перакананы, што Расея мае права на такія захады супраць тых, хто падтрымвае, паводле ягоных словаў, “тэрарыстаў і сепаратыстаў”.

Рэакцыя беларускіх ды іншых міністраў – удзельнікаў сустрэчы – на агрэсіўныя заявы расейскіх калегаў застаецца невядомай. Паводле зьвестак, усе яны ўстрымаліся ад прапановаў журналістаў выказацца наконт расейскіх пагрозаў у бок Аўганістана.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org