RFE/RL |
Серада, 24 Траўня 2000 |
Сёньня |
У Тураве стала выходзіць свая штомесячная незалежная газэта на беларускай мове “Навіны Тураўшчыны”. Складанасьці з рэгістрацыяй, узгадненьне з уладамі юрыдычнага адрасу, прывялі да таго, што ананімны выдавец не прыводзіць сваіх выходных зьвестак і выпускае газэту накладам 299 асобнікаў напаўлегальна. Тым ня менш, такі самвыдат у адрозьненьне ад адзінай афіцыйнай газэты ў Жыткавіцкім раёне “Новае Палесьсе” карыстаецца непадробнай папулярнасьцю. Аб сваёй пазыцыі “Навіны Тураўшчыны” заявілі ўжо ў першым нумары ў рэдакцыйным артыкуле “Віншуем вас з нашым зьяўленьнем”. “Хто сказаў, – піша газэта, – што на Тураўшчыне не павінна быць свайго друкаванага выданьня. Мы памятаем той час, калі жыцьцё было іншым, калі Тураў быў раённым цэнтрам, і ў ім выдаваліся “Ленінскія заветы”. У той час інфармацыя была замененая на ідэалёгію, а друкаванае слова каштавала 2 капейкі. Мы памятаем і той час, калі Тураў быў цэнтрам магутнага княства старажытных славянаў, калі ўвогуле газэтаў яшчэ не існавала і пісьмовае слова цанілася на вагу золата. Мы будзем жыць з нашай памяцьцю, а не выжываць, як нам прапануе ўлада”. Газэта расказвае аб праблемах старога места, высілках пасялковага савету з гэтай нагоды і робіць выснову, што сымбалем дзейнасьці мясцовай улады можа стаць нават спарахнелы пень. У “Навінах Тураўшчыны” можна прачытаць шмат такога, чаго ў афіцыйнай раённай газэце “Новае Палесьсе” ня знойдзеш. Пад рубрыкай “Амаль сэнсацыя” газэта ў другім нумары паведаміла аб ужо распачатым наборы кандыдатаў у будучую лукашэнкаўскую ніжнюю палату парлямэнту, у прыватнасьці, па Петрыкаўскім раёне такім кандыдатам вызначаны былы дырэктар Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, а зараз ахоўнік рыбных запасаў Беларусі Мікалай Бамбіза. У іншых публікацыях ідзе гаворка аб сапраўдным стане і асартымэнце прадуктаў у крамах Турава, ёсьць паведамленьне аб пікеце ў Дзень Волі і бел-чырвона-белых сьцягах у Жыткавічах. Інфармацыя знаходзіць жывы водгук у жыхароў места. І менавіта таму, заўважае ў адным з нумароў аглядальнік газэты Мірон З., заварушыліся (цытата) “стукачы-сэксоты, ім ня церпіцца вярнуць грамадзтва да жыцьця пры сталінізме – распаўсюджваюцца нават плёткі аб нібыта крымінальнай адказнасьці ня толькі стваральнікаў, але нават чытачоў незалежнага выданьня”. І далей аўтар растлумачвае так званым ахоўнікам законнасьці і маралі, што выданьне незалежнай газэты не парушае заканадаўства краіны і скіраванае на аднаўленьне прынцыпаў дэмакратыі і свабоды слова. Больш за тое. Выдавец нават зьвярнуўся да чытачоў з тлумачэньнямі адносна распаўсюджваньня незалежнай газэты, а ў №3 наогул назваў сваю абанэнцкую скрынку ў паштовым аддзяленьне рйцэнтру Жыткавічы. Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |