RFE/RL |
Серада, 24 Траўня 2000 |
Сёньня |
Як паведаміла расейская газэта “Ведомости”, Цэнтральны банк Расеі пагадзіўся прадставіць Нацыянальнаму банку Беларусі крэдыт ў памеры 200 мільёнаў даляраў на падтрымку курсу беларускага рубля. Як ацэньваюць гэтая рашэнне беларускія і расейскія экспэрты? Яшчэ напачатку красавіка намесьнік старшыні Нацбанку Беларусі Павал Калаўр паведаміў у інтэрвію “Ведамасцям”, што крэдыт хутчэй за ўсё будзе выдзелены напрыканцы лета. Ён падкрэсьліў, што Цэнтральны банк Расеі прадставіць стабілізацыйны фонд ў памеры 150-200 мільёнаў даляраў – менавіта столькі, колькі запрошваў беларускі бок. Варта адзначыць, што раней Масква жорстка ўвязвала пытаньне прадастаўленьня
стабілізацыйнага крэдыту з праблемай аб’яднаньня грашовых сыстэмаў, ў прыватнасьці,
з вельмі спрэчнай праблемай адзінага эмісійнага цэнтру. Менавіта такі погляд
на праблему выкладаў напачатку гэтага году Міхаіл Касьянаў – тады яшчэ
выконаўца абавязкаў прэм’ера Расеі – пад час свайго першага візыту ў Менск.
Адзін з супрацоўнікаў Цэнтрабанку Расеі пракамэнтаваў сытуацыю газэце “Ведамасці” наступным чынам: “Такія рэчы за грошы не прадаюцца, хай лепш беларусы самі паступова прыйдуць да гэтай думкі”. Пакуль беларускі бок да гэтай думкі не дайшоў. Адзін з кіраўнікоў Нацбанку Павал Калаўр у згаданым інтэрвію адзначыў, што перадача эмісійных правоў Маскве супярэчыць падпісанай дамове пра стварэньне саюзнай дзяржавы, якая дэкляруе роўнасьць бакоў. Паводле словаў Калаўра, гэтая праблема можа быць вырашаная толькі шляхам прыняцьця адпаведнага канстытуцыйнага акту. Рашэнне аб выдзяленьні Беларусі крэдыту было прынятае насуперак меркаваньню расейскіх лібэральных эканамістаў. Газэта “Ведомости” называе імя былога дырэктара дэпартамэнту замежных апэрацыяў расейскага Цэнтрабанку Андрэя Чарапанава, звальненьне якога нібыта было выкліканае менавіта яго апазыцыяй да выдзяленьня Беларусі крэдыту. Газэта прыводзіць меркаваньне Черапанава, што крэдыт даваць нельга, па-першае, з прычыны таго, што Беларусь яго відавочна ніколі ня верне, а па-другое, што падтрымліваючы беларускі рубель, Расея пагаршае для себе ўмовы, пры якіх будзе праходзіць абмен грошай ў выпадку аб’яднаньня грашовых сыстэмаў. Але пакуль нельга лічыць, што крэдыт ўжо патрапіў ў ведамства Пятра Пракаповіча. Пра ўмовы прадстаўленьня сродкаў распавядае экспэрт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Валеры Дашкевіч: (Дашкевіч: ) “Сапраўды, банк Расеі згодны выдзяліць 150-200 мільёнаў даляраў для падтрымкі курса беларускага рубля. Але для гэтага, па-перашае, патрэбна, каб было падпісанае міжурадавае пагадненьне паміж Расеяй і Беларусьсю. Шмат будзе залежаць ад пазыцыі новага прэм’ера Расеі Касьянава. Але нават калі ён пагодзіцца, дык гэта не азначае, што грошы адразу будуць і прадстаўленыя. Справа ў тым, што тут ёсьць адзін абавязак з беларускага боку, які ён павінен выкананць, а менавіта выйсьці на адзіны курс беларускаг рубля на ўнутраным валютным рынку. Гэта значыць, ліквідаваць мноства курсаў, якое сёньня існуе. Гэта зрабіць вельмі няпроста, пакуль беларускі ўрад і Нацыянальны банк ня маюць паміж сабой згоды. Урад лічыць, што гэта трэба рабіць паступова, дзесьці да канца году. А банк Расеі згодны выдзяліць гэты крэдыт менавіта ў тым выпадку, калі Нацбанк Беларусі і ўрад дамовяцца паміж сабой, распрацуюць адзіную праграму і будуць яе выконваць. Так што гэтае пытаньне з боку Беларусі яшчэ ня вырашанае. Тым ня менш, настроі на тое, што адзіны курс беларускага рубля да 1 верасьня будзе, ёсьць, і, магчыма, крэдыт будзе выдадзены не да пачатку лета, а недзе ў яго другой палове. Напэўна, недзе ёсьць ужо дамоўленасьць аб уваходзе Беларусі ў склад Расеі, і паколькі зьнешні доўг Расеі – недзе каля 150 мільярдаў даляраў, Беларусь адкажа прыблізна так: паколькі мы ўвойдзем у склад Расеі – зьнешні доўг стане адзін на ўсіх, таму дайце нам, напрыклад, 200-300 мільёнаў даляраў, каб зь нейкай часткай зьнешняга доўгу і Беларусь прыйшла ў склад Расеі. Вось адкуль гэтыя 150-200 мільёнаў даляраў”. Гаварыў экспэрт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаванняў Валеры Дашкевіч. Юры Дракахруст
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |