RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 24 Траўня 2000

Сёньня:



У Менску адбылася сэсія Рады калектыўнае бясьпекі. Кіраўнікі 6 краінаў-удзельніцаў дамовы пра калектыўную бясьпеку падпісалі мэмарандум у падвышэньні эфэктыўнасьці дамовы і ейнай адаптацыі да сучаснае геапалітычнае сытуацыі.

Камэнтуючы журналістам вынікі сустрэчы, Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што падпісаныя сёньня дакумэнты пакладуць канец пэрыяду “непаразуменьня, блытаніны й няпэўнасьці”. Больш чым станоўчымі назваў вынікі паседжаньня й прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. “Распрацаваны мэханізм, які робіць гэтую дамову жывым інструмэнтам, што сёньня й на будучыню будзе здольны рэагаваць на перамены ў сьвеце”, – заявіў Пуцін.

Тым ня менш, нягледзячы на падобныя бравурна-аптымістычныя заявы, удзельнікі дамовы дасюль ня вырашылі шэраг прынцыповых праблемаў. Ня ўзгоднены праект пагадненьня пра асноўныя прынцыпы вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва, прыняты, але не рэалізуецца плян другога этапу фармаваньня сыстэмы калектыўнае бясьпекі.

Не ўдалося пакуль знайсьці практычныя падыходы ў справе зьбліжэньня нацыянальных заканадаўстваў. Але самае, бадай, галоўнае, што ўдзельнікі сыстэмы калектыўнае бясьпекі хацелі б, каб Расея прадавала ім узбраеньні па зьніжаных коштах.

Нагадаем, што дамова аб калектыўнай бясьпецы была падпісаная ў 1992 годзе кіраўнікамі дзевяці постсавецкіх дзяржаваў. У 1999-м Узбэкістан, Грузія і Азэрбайджан не падпісалі пратакол пра працягненьне дакумэнта й такім чынам выйшлі з сыстэмы калектыўнае бясьпекі. Сёньня ў рамках дамовы засталіся 6 краінаў – Арменія, Беларусь, Расея, Таджыкістан, Кыргызстан і Казахстан.

Менавіта сярэдняазіяцкія праблемы й сталіся ў цэнтры ўвагі сёньняшняй сустрэчы кіраўнікоў «шасьцёркі». Размова йшла перш за ўсё пра мэханізм каардынацыі намаганьняў шасьці краінаў у барацьбе зь міжнародным тэрарызмам, незаконным гандлем зброяй і перавозкай наркотыкаў. Як паведаміў журналістам Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнтамі была прынятая заява, што вайскова-палітычныя стасункі паміж удзельнікамі дамовы маюць прыярытэтны характар у параўнаньні зь іхнымі вайсковымі сувязямі й кантактамі з трэцімі краінамі.

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка неаднаразова намагаўся надаць праблемам бясьпекі асаблівае гучаньне, узгадваючы іх і пад час паседжаньня Мытнага саюзу, і пад час сустрэчы з Уладзімерам Пуціным. Раней, адзначыў Лукашэнка, гэтаму пытаньню кіраўнікі дзяржаваў дамовы не надавалі вялікага значэньня, але цяпер праблемы бясьпекі выходзяць на першы плян. Пуцін, дарэчы, на гэтыя словы рэагаваў вельмі млява й неакрэсьлена, абмежаваўшыся агульнай фразаю: «Трэба быць бліжэй адзін да аднаго».

Віталь Цыганкоў, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org