RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 24 Траўня 2000

Сёньня



Рэспубліканскі кандыдат на пасаду прэзыдэнта ЗША Джордж Буш (малодшы) прадставіў сваю канцэпцыю амэрыканскай абарончай палітыкі на парозе ХХІ стагодзьдзя. Прамаўляючы ў Нацыянальным Прэсавым Цэнтры ў Вашынгтоне, ён заявіў, што Злучаныя Штаты павінны скарыстаць непаўторны шанец зрабіць сьвет больш бясьпечным.

Джордж Буш адзначыў, што ў выпадку абраньня яго новым прэзыдэнтам ЗША, ён будзе намагацца даць “няўпэўненаму сьвету упэўненасьць”. Буш падкрэсьліў, што разам з надыходам новай эры Амэрыка патрабуе новага падыходу да пытаньня ядзернай бясьпекі. Буш патлумачыў таксама, што ў якасьці прэзыдэнта ЗША ён канкрэтна зрабіў бы ў пытаньні нацыянальнае праграмы супрацьракетнай абароны. Паводле яго, адпаведнае рашэньне ў гэтым пытаньні павінна зыходзіць найперш з ацэнкі бягучай сытуацыі, а не з гісторыі “халоднай вайны”.

(Буш: ) “ Наш народ мусіць усьведаміць сабе новыя пагрозы, а ня толькі фіксаваць старыя. У галіне ядзернай зброі Злучаныя Штаты маюць магчымасьць зрабіць сьвет больш бясьпечным, адначасова прадухіляючы ядзерныя пагрозы і зьмякчаючы ядзерную напружанасьць. Можна і пабудаваць сыстэму супрацьракетнай абароны і пазьбегнуць супрацьстаяньня з Расеяй . Амэрыка павінна зрабіць адно і другое”.

Акрамя таго Буш выказаўся за вывад многіх адзінак зброі са стану падвышанае боегатоўнасьці, што, на ягоную думку, было адным з атрыбутаў супрацьстаяньня пэрыяду “халоднае вайны”. Буш лічыць, што стан падвышанае боегатоўнасьці ядзернага арсэналу Расеі і ЗША стварае толькі непатрэбную рызыку памылковага запуску ракеты.

Адначасова, рэспубліканскі кандыдат на пасаду прэзыдэнта ЗША падтрымаў ідэю пабудовы сыстэмы супрацьракетнай абароны, якая гарантавала б ня толькі бясьпеку Злучаным Штатам, але й іхным саюзьнікам. Супраціўяляецца гэтаму Масква, якая лічыць, што ініцыятыва ЗША пагражае расейскай бясьпецы і пярэчыць ранейшым дамовам ў галіне ядзернага разбраеньня.

Джордж Буш сказаў, што разумее занепакоенасьць Расеі, але адзначыў, што новая сыстэмы мае “служыць бясьпецы, а не наступу”, і што ён хацеў бы Расею пераканаць ў гэтым. Дзеля гэтага, ў прыватнасьці, – сказаў Буш, – Злучаныя Штаты павінны выступіць з прапановай далейшага скарачэньня ядзерных арсэналаў, але не да узроўню, які пагражаў бы бясьпецы ЗША ды іхных саюзьнікаў. Адначасова ён выключыў усякае далейшае разбраеньне ў выпадку, калі Расея ня пойдзе за прыкладам ЗША.

Канцэпцыя абарончай палітыкі ЗША кандыдата ў прэзыдэнты прагучэла незадоўга да плянаванага ў Маскве саміту прэзыдэнтаў ЗША і Расеі, Клінтана і Пуціна, прысьвечанага, сярод іншага, таксама пытаньням разбраеньня. Буш лічыць, што цяперашні прэзыдэнт ЗША не павінен падпісваць ніякія дамовы, якія ў будучыні зьвязвалі б рукі ягонаму пераймальніку.

(Буш: ) “Як я ўжо гаварыў: лепш ніякае дамовы, ніякага пагадненьня, чым дрэннае пагадненьне. Я занепакоены тым, што цяперашняя адміністрацыя замала адданая ідэі стварэньня сыстэмы супрацьракетнай абароны”,

– сказаў Джордж Буш.

У адказ прадстаўнік Белага Дому Джо Локгард назваў заявы Буша “супярэчлівымі і неканкрэтнымі”. Паводле Белага Дому, выступаючы з такімі палітычнымі заявамі, ня шкодзіла б патлумачыць, як ён уяўляе сабе фінансаваньне такой глябальнай сыстэмы супрацьракетнай абароны. Локгард заявіў, што палітыка адміністрацыі Клінтана ў гэтым пытаньні “здаровая” і што трэба надалей супрацоўнічаць з Расеяй у пытаньні кантролю за ядзернымі ўзбраеньнямі.

Незважаючы на крытычную рэакцыю Белага Дому, заявы Джорджа Буша наконт абароны прывітлі ўплывовыя амэрыканскія палітыкі: былыя дзяржсакратары Джордж Шульц і Гэнры Кісінджэр, а таксама былы камандзёр аб’яднаных штабаў Узброеных сілаў ЗША Паўэл.

Камэнтуючы выступленьне Джорджа Буша ў Нацыянальным Прэсавым Цэнтры, сябра сэнацкага камітэту зьнешніх сувязяў і разьведкі, рэспубліканец Рычард Лугар заявіў, што гэта было выступленьне сапраўднага дзяржаўнага дзеяча, “вычарпальнае і дальнабачнае”.

Кастусь Бандарук


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org