RFE/RL |
Серада, 24 Траўня 2000 |
Сёньня: |
У Менску завершыла працу травеньская сэсія ІІІ Міжнароднага кангрэсу беларусістаў. Асноўны ейны вынік палягае ў пераадоленьні спробаў уладаў зьнішчыць гэтую ўплывовую міжнародную арганізацыю, якая аб’ядноўвае каля 700 дасьледнікаў беларускае культуры ды навукі з 24-х краінаў сьвету. Сёньняшнія выбары кіраўніцтва міжнароднае асацыяцыі беларусістаў сталі кульмінацыйнаю часткаю трохдзённага форуму дасьледнікаў беларускае культуры. Да іх старанна рыхтаваўся і аргкамітэт кангрэсу, і беларускія ўлады. У пляны апошніх напачатку ўваходзіла задача зрыву Кангрэсу, але калі да ягонае падрыхтоўкі далучыліся міжнародныя структуры, і найперш UNESCO, дык уладамі была ўзятая тактыка на зьмену кіраўніцтва асацыяцыі. Ініцыятар ейнага стварэньня ды шматгадовы прэзыдэнт Адам Мальдзіс не задавальняе сёньняшнюю ўладу краіны сваім высокім міжнародным навуковым рэйтынгам ды бясспрэчным аўтарытэтам. Перад пачаткам кангрэсу ды ў ягоных кулюарах нефармальныя, так бы мовіць, прадстаўнікі ўладаў спрабавалі розным чынам узьдзейнічаць на дэлегатаў, аднак ані дробны подкуп, ані адкрыты шантаж ня меў посьпеху. І найперш, пэўна, таму, што беларусістыка – гэта справа ня толькі й ня столькі ўласна беларусаў. Яна належыць людзям культуры міжнароднае супольнасьці. У выніку адкрытага галасаваньня прафэсар Адам Мальдзіс зноў абраны прэзыдэнтам Міжнароднае асацыяцыі беларусістаў. Беларусісты – гэта не абавязкова беларусы, і часьцей за ўсё не беларусы. Гэта прадстаўнікі розных народаў, якіх прываблівае беларуская культура – літаратура, мова, гісторыя, мастацтва, – і якія самааддана й бескарысьліва служаць гэтай культуры. Такіх самаахвярнікаў Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, якая была створаная 9 гадоў таму, налічвае зараз каля сямісот асобаў з 24 краінаў сьвету. Але людзей, якія самахоць зацікавіліся беларусістыкаю, значна болей, і камітэт Асацыяцыі не заўсёды іх нават ведае. Так было, да прыкладу, напачатку з Куртам Вулхайзэрам, прафэсарам аднаго з амэрыканскіх унівэрсытэтаў, які некалькі гадоў таму захапіўся беларускаю культураю. Захапленьне перарасло ў сталае навуковае зацікаўленьне, якое й прывяло на ІІІ Міжнародны кангрэс беларусістаў. Сёньня Кангрэс абраў Курта Вулхайзэра віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднае асацыяцыі беларусістаў. Яшчэ адным віцэ-прэзыдэнтам Асацыяцыі абраная швайцарка Моніка Банькоўскі-Цюліг. Гадоў зь дзесяць таму спадарыня Моніка натрапіла ў гарадзкой бібліятэцы Цюрыха на беларускія кніжкі, а цяпер яна ўжо вядзе сэмінар па беларускай літаратуры для студэнтаў Цюрыхскага ўнівэрсытэту, а зараз будзе яшчэ й каардынатарам беларусістаў з краінаў Заходняе Эўропы. На ўсходзе ад Беларусі гэтую справу Кангрэс зноў даверыў расейцу Юрыю Лабынцаву, для якога беларусістыка ёсьць сталым і даўнім прафэсійным інтарэсам – спадар Лабынцаў ачольвае Цэнтар беларусазнаўства ў маскоўскім Інстытуце славістыкі й бальканазнаўства. У цэнтральным рэгіёне Эўропы прадстаўляць інтарэсы Асацыяцыі па-ранейшаму будзе прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Аляксандар Баршчэўскі, а ўласна ў Беларусі – Генадзь Цыхун, загадчык аддзелу Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай Акадэміі навук. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |