RFE/RL |
Аўторак, 23 Траўня 2000 |
Сёньня |
Лідэру Свабоднага прафсаюзу Менскага аўтазаводу Міхалу Марынічу адмоўлена ў прыёме на працу. Зараз у Заводзкім судзе сталіцы разглядаецца справа аб законнасьці такога рашэньня… Сёньня судзьдзя Ірына Мардовіч слухала тлумачэньні прадстаўнікоў адміністрацыі МАЗу пра прычыны адмовы ў працаўладкаваньні Міхала Марыніча. Зь іх вынікала, што Марыніч няправільна аформіў заяву. 29 сакавіка ён зьвярнуўся ў аддзел кадраў заводу з просьбаю працаўладкаваць яго ў сувязі са сканчэньнем працы на вызваленай прафсаюзнай пасадзе. Працоўнае заканадаўства забавязвае наймальніка прадаставіць Марынічу працоўнае месца, якое ён займаў да абраньня на прафсаюзную пасаду. А менавіта: месца сьлесара-мэханазборшчыка ў адным з цэхаў прадпрыемства або іншую пасаду, якая б яго задаволіла. Аднак кіраўніцтва прадпрыемства прыняло на гэты конт адмоўнае рашэньне. Так ўзьнікла судовая справа пра парушэньне працоўных правоў Марыніча. Адміністрацыя МАЗу дэлегавала на сёньняшняе паседжаньне суду групу заводзкіх юрыстаў на чале зь Людмілай Касяк. Паводле словаў спадарыні Касяк, кіраўніцтва аўтазаводу лічыць мясцовую суполку Свабоднага прафсаюзу мэталістаў незаконнай арганізацыяй. І таму, маўляў, дзейнае працоўнае заканадаўства, зьвязанае з працаўладкаваньнем прафсаюзных функцыянэраў, ня тычыцца асобы Марыніча. Камэнтуючы гэта для нашага радыё, лідэр Свабоднага прафсаюзу МАЗу зазначыў: “Гэта далейшае супрацьстаяньне паміж нашай арганізацыяй – Свабодным прафсаюзам мэталістаў і адміністрацыяй Менскага аўтазаводу, якая паставіла сабе мэту зьнішчыць прафсаюз. Я быў старшынём суполкі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў, якая дзейнічала на Заводзе, зь якой адміністрацыя заключала калектыўныя дамовы, вяла перамовы. Але пасьля, калі на адміністрацыю націснулі, каб знішчыць эканамічную апазыцыю на прадпрыемстве. Тым самым зьверху было прынята палітычнае рашэньне, і адміністрацыя увесь час хоча гэтую задачу выканаць пры разглядзе гэтай справы ў судзе”, – сказаў лідэр Свабоднага прафсаюзу МАЗу Міхал Марыніч. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |