RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 23 Траўня 2000

Сёньня:



Старшыня Дзяржкамітэту памежных войскаў генэрал Аляксандар Паўлоўскі лічыць, што галоўнай небясьпекаю для Беларусі ёсьць пашырэньне нелегальнае міграцыі, кантрабанда зброі ды наркотыкаў, а таксама вайскова-палітычная пагроза з боку краінаў NATO.

Пра гэтыя пагрозы генэрал Паўлоўскі казаў сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі. Так, паводле ягоных словаў, найпершы вораг, што ймкнецца ў Беларусь, гэта крымінал. Генэрал Паўлоўскі паведаміў, што толькі за 4 месяцы сёлета беларускімі памежнікамі затрымана каля 700 парушальнікаў мяжы, немалую частку якіх складалі нелегалы з краінаў Афрыкі ды Азіі, сканфіскавана каля 20 кіляграмаў наркотыкаў, і нават затрымана на ўезьдзе ў Беларусь 12 міжнародных тэрарыстаў, якіх шукае “Інтэрпол”.

Праўда, якім быў далейшы лёс гэтых тэрарыстаў і дзе яны цяпер знаходзяцца, генэрал Паўлоўскі распавядаць адмовіўся, спаслаўшыся на службовую таямніцу.

Кіраўнік памежнага ведамства фактычна прызнаў, што асноўная маса нелегалаў і крымінальнікаў трапляе ў Беларусь праз расейскую мяжу, на якой няма памежнае варты. Аднак, на думку Аляксандра Паўлоўскага, віны Расеі ў гэтым няма. Вось ягонае меркаваньне:

(Паўлоўскі: ) “Ёсьць такая тэндэнцыя – лічыць, што асноўная плынь нелегальных эмігрантаў ідзе з Расеі. Яна не з Расеі – яна проста йдзе праз Расею.

Расеі цяпер цяжка. У нас, напрыклад, не ўладкавана мяжа на працягу 2.200 кілямэтраў, а ў Расеі нявызначаная мяжа толькі з Казахстанам складае 11 тысячаў кілямэтраў. Але мы не абвінавачваем нашых калегаў, мы спрабуем ім дапамагчы”, – паведаміў генэрал Паўлоўскі.

Ён таксама лічыць, што ў нелегальнай міграцыі празь Беларусь вінаватыя краіны Захаду зь іх лібэральным эміграцыйным заканадаўствам, якія вабяць афра-азіяцкіх уцекачоў.

Як небясьпечнае для Беларусі, Аляксандар Паўлоўскі разглядае ўступленьне ў NATO Польшчы й жаданьне ўвайсьці ў гэты альянс краінаў Балтыі.

(Паўлоўскі: ) “Калі казаць пра вайскова-палітычныя пагрозы, то іх узровень ніжэй, але ён ёсьць. Асабліва нас насьцярожвае актыўнае разьвіцьцё ў краінах Прыбалтыкі і ў Польшчы NATO’ўскіх пазыцыяў. Нашая дзяржава абвясьціла, што зьяўляецца міралюбівай краінаю, пагрозы ад Беларусі ня йдуць. Тады паўстае пытаньне: навошта NATO рухаецца на Ўсход?

У гэтым пляне мы таксама павінны ўлічваць пры дысьлякацыі частак і той момант, што можа быць верагодным зьяўленьне вайсковае пагрозы”, – заявіў старшыня Дзяржкамітэту памежных войскаў.

А пакуль NATO актыўнае падрыхтоўкі да агрэсіі супраць Беларусі не вядзе, дык, паводле словаў генэрала Паўлоўскага, ягонае ведамства цяпер занятае пераважна зборам інфармацыі пра настроі ды перасоўваньні частак войскаў патэнцыйнага праціўніка.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org