RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 23 Траўня 2000

Сёньня:



Учора ў Барысаве прыхільнікі роднага слова правялі ўстаноўчую канфэрэнцыю Таварыства Беларускае Мовы. У гэтым горадзе ўпершыню створаная гарадзкая рада ТБМ.

Пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году ў Барысаве, акрамя гімназіі № 2, не засталося аніводнае беларускамоўнае школы. Многія ўдзельнікі ўчарашняе ўстаноўчае канфэрэнцыі ТБМ сумняюцца ў тым, што той плебісцыт адбываўся без фальсыфікацыяў.

Аляксандра Ясюк, напрыклад, згадала пра выпадак, які здарыўся тады зь ёю на адным з участкаў для галасаваньня:

“Калі я зайшла ў кабіну для галасаваньня, дык убачыла агітацыйны матэрыял, улётку – як трэба галасаваць. Калі падыйшла да сакратара камісіі і сказала: “У вас агітацыйны матэрыял”, яна выклікала міліцыю і мяне адвезьлі ва ўчастак. Але спачатку яна мне дала па акулярах рукою і сказала: “Якая ж вы разумная знайшлася адна тут!” …Зараз я не магу знайсьці школу для сына зь беларускай моваю”.

Гэта была Аляксандра Ясюк.

Першая і адзіная суполка ТБМ у Барысаве працяглы час была настаўніцкай, яе ачаляў дырэктар школы № 18 Іван Белы. Разам зь яшчэ адным пэдагогам Міколам Мацельскім яны стварылі беларускамоўную дэмакратычную газэту “Гоман Барысаўшчыны”, што выдаецца раз на месяц. Менавіта йснаваньне гэтага выданьня, адзначалі пад час канфэрэнцыі сябры ТБМ, не дало канчаткова згаснуць у Барысаве беларускаму слову.

За апошнія паўтары гады тут узьнікла восем суполак Таварыства Беларускае Мовы. Зараз жа, калі ТБМ дамаглося пэўных паслабленьняў у моўнай палітыцы ўладаў, як выказаўся прысутны на канфэрэнцыі лідэр рэспубліканскай арганізацыі Таварыства Алег Трусаў, патрыётам роднага слова трэба яднаць свае шэрагі.

Удзельнікі сходу гэтак і зрабілі: аднагалосна выказаліся за стварэньне Барысаўскае гарадзкое арганізацыі ТБМ, абралі раду, а ўзначаліць яе даручылі Івану Беламу. Намесьнікам спадара Белага стаў Мікола Мацельскі.

Алег Трусаў на пэрспэктывы ўсталяваньня ў Барысаве й рэгіёне беларускае мовы глядзіць з аптымізмам:

“Самае галоўнае – вёска. Уся вёска Барысаўшчыны гаворыць на літаратурнай беларускай мове. Таму ў нас няма нейкіх сумневаў, што тут будзе кепская справа. Наадварот. Справы беларускага Адраджэньня паправяцца й пойдуць лепш”, – зазначае Алег Трусаў.

Алесь Мікалайчанка, Барысаў


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org