RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 23 Траўня 2000

Сёньня:



У Менску адбыліся паседжаньні Рады кіраўнікоў урадаў і Міждзяржаўнае рады краінаў Мытнага хаўрусу, для ўдзелу ў якіх прыбылі прэзыдэнты Казахстану, Таджыкістану, Кіргізіі ды Расеі.

Найбольш прадстаўнічай аказалася расейская дэлегацыя, якая прыбыла ў Менск на чатырох урадавых самалётах. У гэтак званым “перадавым самалёце” за паўтары гадзіны да прыбыцьця Пуціна ў Менск прыляцелі ўзброеныя снайпэры са службы аховы расейскага прэзыдэнта.

Але й бязь іх за бясьпеку высокіх гасьцей адказваюць шматлікія беларускія вайскоўцы й міліцыянты, што ачапілі маршруты руху прэзыдэнтаў па трасе з аэрапорту ў цэнтар Менску. Неаднаразова спыняўся рух транспарту на праспекце Скарыны, зачынялася станцыя мэтро “Купалаўская”. Усё гэта прынесла значныя нязручнасьці жыхарам Менску, і асабліва аўтамабілістам.

Што датычыць зьместу перамоваў на паседжаньнях ворганаў Мытнага хаўрусу, то самымі вострымі тут былі праблемы стварэньня зоны свабоднага гандлю, уніфікацыі мытных плацяжоў, транспартных тарыфаў, скарыстаньня ў межах Мытнага хаўрусу ўсясьветнае практыкі абкладаньня падаткам на даданую вартасьць у месцы спажываньня тавару.

Гэтым навацыям пакуль што актыўна перашкаджае Расея, якой яны проста нявыгодныя. Як паведаміў прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў, калі, напрыклад, трэба перавезьці беларускі трактар у Казахстан, дык за правоз тоны грузу даводзіцца плаціць Расеі ажно 50 даляраў.

Увогуле, у Мытным хаўрусе цяпер шмат рознагалосьсяў: Кіргізія стала сябрам Усясьветнае гандлёвай арганізацыі, Расея аднавіла мытны кантроль на мяжы зь Беларусьсю, а ў Казахстане нядаўна ў дыпляматычнай машыне, што належыць Таджыкістану, была затрыманая вялікая партыя наркотыкаў. Такім чынам, далей за пажаданьне ставарыць ў межах Мытнага хаўрусу зону сапраўды вольнага перамяшчэньня тавараў і людзей, справа, як выглядае, ня йдзе. У прыватнасьці, аніякіх рэвалюцыйных праектаў пагадненьняў на гэты конт падрыхтавана не было.

Дарэчы, пасьля сустрэчы з Уладзімерам Ярмошыным расейскі прэм’ер Міхал Касьянаў назваў аднаўленьне расейскіх мытных пастоў на мяжы зь Беларусьсю “часовым тэхнічным момантам”, які зьяўляецца “часткаю агульнае канцэпцыі ў далейшай інтэграцыі ў межах Мытнага хаўрусу”.

Міхал Касьянаў таксама паведаміў, што на працягу дзьвюх гадзінаў абмяркоўваў з Уладзімерам Ярмошыным тэму паскарэньня працэсу гарманізацыі расейскае і беларускае падаткавых сыстэмаў, уніфікацыі мытных тарыфаў ды іншых элемэнтаў, адзінства якіх сьведчыць пра тое, што ў Расеі і Беларусь існуюць адзіныя ўмовы для гаспадараньня й прадпрымальніцтва. Было абвешчана, што на гэты конт будзе створаны адмысловы плян дзеяньняў.

Уладзімер Ярмошын заявіў, што беларуска-расейскае пагадненьне пра адзіную падатковую прастору ўжо ўхвалена міністэрствамі фінансаў і будзе падпісанае за самы кароткі тэрмін.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org