RFE/RL |
Аўторак, 23 Траўня 2000 |
Сёньня |
Афіцыйныя крыніцы сьцьвярджаюць, што ў Магілеўскай вобласьці наладжаная сыстэма радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчаваньня. У Абласным цэнтры санітарыі і эпідыміялёгіі, як і ў кожным сельскім раёне, існуюць адмысловыя рыдыелягічныя аддзелы… Дадзеныя праверкі прадуктаў харчаваньня збіраюцца ў абласным цэнтры, апрацоўваюцца на кампутарах, і па выніках выдаецца спэцыяльны бюлетэнь, але ён выходзіць у сьвет толькі раз на год, і адразу зрэагаваць на нейкія сезонныя падвышэньні ўтраманьня радыенуклідаў няма магчымасьці. Апошні бюлетэнь, напрыклад, быў выдадзены ў студзені, акрамя гэтага сярод насельніцтва ён не распаўсюджваецца. У цэнтры гігіены няма сілаў і магчымасьцяў рабіць сваё выданьне для шырокага кола людзей. На большасьці прадпрыемстваў харчовай прамысловасьці працуюць радыемэтрычныя пасты, якія ажыццяўляюць штодзённы кантроль за прадукцыяй. Ня толькі ў радыяцыйна заражаных раёнах Магілёўшчыны, але і ва ўмоўна чыстых. Радыелягічныя лябараторыі існуюць на ўсіх харчовых рынках. Усе гандляры атрымоўваюць спэцыяльныя квіткі з адзнакай аб узроўні радыяцыі, калі яна не перавышае нормаў. Кантрольныя ворганы часта наведваюць рынкі і правяраюць гэтыя квіткі, і, як правіла, прыкладна ў трэцяй часткі гандляроў іх не знаходзяць. Бабулі з грыбамі ды ягадамі маюць шкодную звычку папросту абменьвацца квіткамі, каб ня мець клопату з лябараторыяй. Пасьведчаньні па ўтрыманьні радыенуклідаў у харчаваньні на мінірынках – увогуле вялікая рэдкасьць, ды й як паказвае практыка, толькі лічаныя адзінкі з пакупнікоў патрабуюць і глядзяць такія дакумэнты, бо ў сёньняшняй сытуацыі з узроўнем жыцьця для большасьці значэньне мае кошт, а не якасьць прадукта. У лясах народ таксама актыўна зьбірае ўсё, што можна, не зважаючы на радыяцыйную мапу, бо галодная зіма – гэта больш страшна, чым радыенукліды. Хаця зараз можна прагназаваць уздым цікаўнасьці да праблемаў радыенуклідаў у сувязі з чуткамі пра падвышэньне радыяцыйнага фону. Людзі цяпер вагаюцца, каму верыць: афіцыйнай інфармацыі ці ўласным інстынктам. А між тым, па статыстыцы, амаль палова дароў лесу, якія грамадзяне дабраахвотна прыносяць ў лябараторыі, бо самі сумняюцца, як правіла заражана радыенуклідамі вышэй нормаў. А ў радыяцыйна заражаных раёнах такіх – 70-80 адсоткаў. Па прысядзібных ўчастках насельніцтва праводзіцца маніторынг ня толькі цэнтрам гігіены, але й сельгасхарчам. Але ён у асноўным утрымлівае толькі рэкамэндацыі што да ўгнаеньняў, якія трэба прымяняць для ачышчэньня расьлінаў ад радыенуклідаў. Апошнім часам зарэгістравана тэндэнцыя да паніжэньня ўтрыманьня цэзію. І яшчэ адзін факт ня можа не паўплываць на тых, хтоспрабуе зараз запэўніць улады ў стабільнасьці радыелягічнай абстаноўкі. У Магілеўскім навукова-дасьледчым Інстытуце экалягічнай і прафэсійнай паталёгіі на спэцыяльным прыборы летась рабілі тэсты для сваіх супрацоўнікаў на ўтрыманьне цэзію ў ягадах, грыбах, дзічыне. Для сваіх, таму што не дазволілі зрабіць для ўсіх і за грошы. Прыбор у пераважнай большасьці паказваў перавышэньне нормаў. А вось з гэтага году без тлумачэньня прычынаў такія тэсты праводзіць забаранілі. Марыя Ўсьціновіч, Магілеў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |