RFE/RL |
Панядзелак, 22 Траўня 2000 |
Сёньня: |
(эфір 19 траўня) У Беларусі значна падвышаныя цэны на хлеб масавых гатункаў. Чорны хлеб падаражэў на 30 адсоткаў, пшанічныя батоны – на 40. Такога значнага разoвага падаражэньня хлеба пры Лукашэнку не было ні разу за шэсьць гадоў. Хлеб масавых гатункаў – гэта значыць, самы танны, самы нясмачны жытні хлеб зь нянадта якаснае мукі й шэрыя прэсныя батоны (нібыта пшанічныя, але іхны колер прымушае ў гэтым сумнявацца) – заўсёды лічыўся прадуктам стратэгічным, падмуркам сацыяльнае стабільнасьці. На яго, ды яшчэ на забеленую вадкасьць пад назваю “малако тлустасьцю паўтары адсоткі” – рука чыноўніка раней ніколі не падымалася без адмысловае на тое згоды Аляксандра Лукашэнкі. І вось гэты самы хлеб падаражэў больш як утрая, а рашэньне наконт гэтага, калі верыць афіцыйным паведамленьням, прыняў не Аляксандар Лукашэнка й нават ня новы кіраўнік ураду Ўладзімер Ярмошын, а Міністэрства эканомікі. Прычым ціха, без усялякіх камэнтароў, абмеркаваньняў і тлумачэньняў чыноўнікаў. Вядома, да падвышэньня цэнаў у Беларусі прывыклі, як і да гіпэрінфляцыі, і да купюраў з шасьцю нулямі. Але танны хлеб у Беларусі – прадукт асаблівы. Ён заўсёды быў параднай візытоўкаю рэжыму, ледзь не асноўным важкім аргумэнтам на карысьць цяперашняй эканамічнае палітыкі. Так, нізкія ў Беларусі зарплаты й пэнсіі, але любы пэнсіянэр, калгасьнік ці настаўнік, калі грошай не стае ні на што іншае, заўсёды мог на апошнія рублі купіць бохан хлеба й бутэльку малака. Некалі гэта лічылася ежаю бедных. У сёньняшняй Беларусі гэты хлеб і гэтае малако сталі галоўным рацыёнам соцень тысячаў сем’яў. На паліцах гастраномаў чарнеюць непрададзеныя каўбасы й мяса, псуецца заляжалая рыба, гніе ад доўгага захоўваньня гародніна. Танны хлеб і абястлушчанае малако разыходзяцца імгненна. Ежа бедных стала ежаю большасьці. А дзеля таго, каб і надалей кампэнсаваць стратную вытворчасьць, у дзяржаве бедных болей няма грошай. За папулісцкую палітыку заўсёды нехта плаціць. За танны хлеб і таннае малако, за нізкую кватэрную плату й танны праезд у грамадзкім транспарце – за ўсе гэтыя прывідныя даброты сацыялізму… І плаціць за іх не правадыр, які зрабіў усё гэта гарантыяй свайго палітычнага доўгажыхарства. Плацяць тыя, хто з-за ўсяго гэтага нібыта таннага на сваю жабрацкую зарплату ня можа купіць нічога іншага. А й нават гэтае таннае нечакана робіцца пылам: таннае ацяпленьне ператвараецца ў халодныя батарэі, танны транспарт – у разьбіты перапоўнены аўтобус, паездка ў якім падобная на згвалтаваньне, а танны хлеб – у драму пэнсіянэра, які, прыйшоўшы сёньня ў гастраном з апошняй сотняй рублёў, з адчаем убачыў, што белага батона да малака купіць ужо ня зможа. Валянцін Жданко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |