RFE/RL |
Панядзелак, 22 Траўня 2000 |
Сёньня: |
22 траўня з трохдзённым афіцыйным візытам у Менск прыбыў прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Акрамя перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам і наведваньня шэрагу беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый, ён возьме ўдзел у паседжаньні Міждзяржаўнага Савету дзяржаваў-удзельніцаў Мытнага саюзу й Савету калектыўнае бясьпекі ў рамках СНД. Прэзыдэнты і афіцыйныя дэлегацыі Расеі, Кіргізіі, Таджыкістану і Арменіі прыбываюць сёньня ўвечары і ў першай палове дня 23 траўня. Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, пасьля якіх заявіў, што ёсьць дамоўленасьць пра пастаўкі казахстанскага збожжа ў абмен на беларускія трактары, рыхтуецца таксама зборка трактараў МТЗ у Паўладары, якая павінна пачацца ўжо ў жніўні гэтага году. Назарбаеў паведаміў, што Казахстан гатовы транспартаваць сваю нафту празь Беларусь у Эўропу, а таксама перапрацоўваць да 10-15 мільёнаў тонаў нафты на заводах у Мазыры й Наваполацку. Назарбаеў настойвае на пашырэньні двухбаковых гандлёва-эканамічных стасункаў, якія перажываюць ня лепшы час. Летась таваразварот паміж Беларусьсю й Казахстанам склаў усяго ля сарака мільёнаў даляраў, прычым імпарт з Казахстану ў Беларусь – толькі 12 мільёнаў. Нурсултан Назарбаеў паведаміў пасьля сустрэчы з А.Лукашэнкам, што дасягнутая дамоўленасьць адносна старых даўгоў. У прыватнасьці, збожжавы доўг Кустанайскае вобласьці гаспадаркам Беларусі будзе пагашаны на працягу трох гадоў. Сёньня прэзыдэнт Казахстану быў запрошаны ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, дзе атрымаў званьне ганаровага доктара й выступіў зь лекцыяй на тэмы эканомікі, фактычна агітуючы за лібэральныя падыходы, якія ажыцьцяўляюцца ў Казахстане. Паводле словаў Назартбаева, 80 адсоткаў казахстанскае прамысловасьці знаходзяцца ў прыватным сэктары, дзяржава не датуе аніводнае прадпрыемства, адмененыя ўсе ільготы, у тым ліку ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы. Затое сярэднія пэнсіі і заробкі складаюць 55 і 110 даляраў адпаведна. Такім чынам, беларусам ёсьць чаму павучыцца ў казахаў. Што ж датычыць заўтрашніх паседжаньняў Міждзяржаўнага Савету й Савету кіраўнікоў урадаў краінаў-удзельніцаў Мытнага саюзу, дык аніякіх сэнсацыяў тут не чакаецца, найбольш зьмястоўнымі дагаворамі, якія будуць падпісаныя, можна назваць хіба што пагадненьне пра стварэньне філіялаў вышэйшых навучальных установаў у краінах Мытнага саюзу ды пратакол аб парадку й нормах вывазу грамадзянамі свабодна канвэрсуемае валюты за межы Мытнага саюзу. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |