RFE/RL |
Панядзелак, 22 Траўня 2000 |
Сёньня |
(эфір 20 траўня) Васіль Старавойтаў лічыць прысуд Міхаілу Чыгіру доказам таго, што ў Беларусі суды падпарадкаваныя кіраўніцтву краіны. На ганку Менскага гарадзкога суда напярэдадні абвяшчэньня прысуду экс-прэм’еру Чыгіру былі зьбітыя некалькі грамадзянаў, у тым ліку, жонка Чыгіра і ягоная сястра. Сьведка гэтага інцыдэнту, вэтэран вайны Міхась Паўлаў, параўноўвае беларускіх міліцыянтаў з фашыстамі. Дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў вымушаны абмежаваць сябе ў ежы, каб уратавацца ад наступстваў цукровага дыябету, якім дэпутат захварэў пад час зьняволеньня. Як вядома, учора Менскі гарадзкі суд абвесьціў экс-прэм’ера Міхала Чыгіра вінаватым у злоўжываньні службовым становішчам і пакараў яго трыма гадамі зьняволеньня з адтэрміноўкаю на два гады. Чыгір застаўся на волі, але напрацягу двух гадоў над ім будзе вісець пагроза апынуцца за кратамі ў выпадку, калі ён зробіць новае злачынства ці нават правапарушэньне. У тым, што нашыя ўлады пры жаданьні лёгка могуць арганізоўваць такое правапарушэньне, перакананы Васіль Старавойтаў, былы старшыня “Расьвету”, які два гады правёў у турмах па такому ж надуманаму, як ён лічыь, абвінавачваньню ў службовым злоўжываньні. “У нас любога гаспадарчага кіраўніка можна падвесьці пад такое ж абвінавачваньне, і гэта актыўна выкарыстоўваецца супраць тых, каго ўлады лічаць для сябе небясьпечнымі”, – сказаў “Радыё Свабода” Васіль Старавойтаў. На яго думку, заказы на палітычныя перасьледы маглі б не выконваць судзі, але іх прызначае вышэйшае кіраўніцтва краіны, яны не зьяўляюцца незалежнымі, і таму “няма чаго казаць пра справядлівасьць судовых рашэньняў”, – гэтак Васіль Старавойтаў пракамэнтаваў вынесены Міхалу Чыгіру прысуд. Нагадаю, учора напярэдадні агалошваньня судовага вэрдыкту перад судом міліцыянты ўчынілі бойку зь людзьмі, якія ішлі на працэс. АМАП’аўцы не дапускалі да дзьвярэй і проста грамадзянаў, і журналістаў, і нават сваякоў Міхала Чыгіра. Ягоная родная сястра 70-гадовая пэнсіянэрка Валянціна Мікалаеўна Малюковіч не ўзгадае, калі зь ёю так зьняважліва абыходзіліся… (Малюковіч: ) “Я на пэнсіі ўжо. Працавала да 65-ці гадоў, 47 гадоў стажу, вайну прайшла ў дзяцінстве …(плача) Не пускалі нікога… Сталі нагайкай хвастаць”. Гэта была родная сястра Міхала Чыгіра Валянціна Малюковіч, якую зьбіў учора дубінкаю невядомы АМАП’авец. Сьведка інцыдэнту побач зь дзьвярамі менскага суду 74-гадовы вэтэран вайны са Слуцкага раёну Міхась Іванавіч Паўлаў таксама ня мог стрымаць свайго абурэньня тым, што адбывалася… (Паўлаў: ) “Яны пераўзышлі фашыстаў. Я прайшоў вайну і ведаю, што фашысты рабілі, але гэта немагчыма. Амонаўцаў, міліцыі напладзіў Лукашэнка вышэй патрэбы. Нашто Беларусі такая міліцыя – біць жанчын і за валася іх цягаць. Я сёньня бачыў – за валасы цягалі”. Казаў партызан Айчыннае вайны 74-гадовы пэнсіянэр Міхась Паўлаў, які спэцыяльна прыехаў з-пад Слуцку на прысуд Чыгіру, і разам зь іншымі патрапіў пад міліцэйскія дубінкі. Пацярпела ў той сутычкі й жонка Чыгіра Юлія Станіславаўна. Яна выйшла на ганак з суду каб угаварыць міліцыянтаў прапусьціць людзей на працэс і трапіла ў эпіцэнтар падзеяў. (Юлія Чыгір: ) “Як ім ня сорамна? Тут супраць мяне стаялі 20-25 чалавек. Акружылі, рукі мне закруцілі за сьпіну. За руку схапілі так, што бачыце, які сіняк застаўся, – і недзе панесьлі. Паколькі рукі ў мяне былі занятыя, я ўкусіла аднаго за вуха, і цяпер кажуць, што нанесла траўму. Яго павезьлі цяпер у хірургічны кабінэт. Я паводзіла сябе, як жанчына”. Гэта была жонка й адвакатка асуджанага ўчора экс-прэм’ера Чыгіра Юлія Чыгір. Зьвесткі пра адбываючых пакараньне беларускіх палітыкаў наступныя. Дэпутат Андрэй Клімаў вымушаны абмежаваць сябе ў ежы – дыеты патрабуе ад яго курс лячэньня ад цукровага дыябету, на які дэпутат захварэў пасьля зьбіцьця ў сьледчым ізалятары напрыканцы мінулага году. Жонка дэпутата Тацяна кажа, што Клімаў, які значна схуднаеў пад час зьняволеньня , вымушаны пайсьці на гэтую меру, каб не даваць разьвівацца хваробе на дыябет. Яшчэ Тацяна Клімава паведаміла, што да канца траўня Клімаў плянуе падрыхтаваць і перадаць у гарадзкі суд касацыйную скаргу на вынесены яму прысуд. Нагадаю, дэпутату далі шэсьць гадоў калёніі. Былы міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонаў таксама спадзяецца на тое, што хутка ягоная наглядная скарга патрапіць да судзяў. Дачка Сьвятлана паведаміла, што справа над гэтым дакумэнтам блізкая да завяршэньня. Але паколькі Лявонава судзіла калегія Вярхоўнага суду, касацыйнага перагляду справы ўвогуле не прадугледжана. “А скарга – гэта так, дакумэнт для прэсы, але з прынцыпа я ад яе не адступлюся”, – перадае на волю Васіль Лявонаў, якому яшчэ сядзець за кратамі больш за год. Ад дэпутата Ўладзімера Кудзінава, які адбывае шасьцігадовае пакараньне ў менскай калёніі, ужо некалькі тыдняў няма аніякіх зьвестак дамоў. Жонка Зоя Кудзінава тлумачыць гэтае маўчаньне пакараньнем за выступы ў дэмакратычнай прэсе, у тым ліку згадвае і свой нядаўні артыкул у “Народнай Волі”. “Раней такое таксама было, каб за нешта ягоныя лісты да мяне затрымліваліся, але хоць лісты да дочак ішлі без перашкодаў, а цяпер і іх відаць абмяжоўваюць”, – мяркуе Зоя Кудзінава, але пры гэтым заяўляе, што не зьбіраецца прыстасоўвацца пад гэтыя папярэджаньні ўладаў. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |