RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 22 Траўня 2000

Сёньня:



Прадстаўнікі ізраільскай амбасады маюць намер вярнуцца ў Беларусь на працягу гэтага тыдня.

У Ізраільскім культурна-асьветніцкім цэнтры мне паведамілі, што, хутчэй за ўсё частка супрацоўнікаў амбасады вернецца ў Беларусь у чацьвер, а ўсе астатнія – у нядзелю. Гэта зьвязана з тым, што ізраільская авіякампанія “Эль-Аль” выконвае рэйсы ў Менск толькі двойчы на тыдзень. У мінулую нядзелю прадстаўнікі амбасады вярнуцца ў Беларусь не пасьпелі.

На прыканцы мінулага тыдня зьявіліся чуткі пра тое, што Беларусь таксама пакінулі прадстаўнікі агэнцыі “Сахнут” ды Ізраільскага культурнага цэнтру. Але ў Ізраільскім культурным цэнтры мне распавялі, што кіраўніцтва цэнтру знаходзіцца ў заплянаваным адпачынку, які працягнецца да 1 чэрвеня. У Цэнтры таксама паведамілі, што кіраўніцтва набыло авіяквіткі за месяц да таго, як зьехала кіраўніцтва амбасады.

Што тычыцца агэнцыі “Сахнут”, дык яе кіраўніцтва зараз знаходзіцца ў Менску. Кіраўнік прадстаўніцтва “Сахнуту” Барух Каміль нават браў удзел у фэстывалі нацыянальных культур на прыканцы мінулага тыдня. На мінулым тыдні цытавалася выказваньне спадара Каміля пра тое, што ў выпадку неабходнасьці агэнцыя можа наладзіць эвакуацыю людзей зь Беларусі.

У Ізраільскім культурным цэнтры мне патлумачылі, што эвакуацыя людзей у выпадку ўзьнікненьня надзвычайных абставінаў – адная з функцыяў гэтае агэнцыі. “Сахнут”, напрыклад, займаўся эвакуацыяй пад час ваенных дзеяньняў у Малдове, а таксама зь небясьпечных афрыканскіх краінаў. Таму прадстаўнікі агэнцыі павінныя быць гатовыя на выпадак эвакуацыі.

У той жа час іншыя амбасады ня маюць намеру вывозіць сваіх супрацоўнікаў. У хуткім часе амэрыканская амбасада чакае візыту тэхнічнае місіі, якая спраўдзіць узровень радыяцыйнае бясьпекі ў нашай краіне. Аднак амбасада падрыхтавала даведку для грамадзянаў ЗША, у якой сказана, што сур’ёзнае небясьпекі, зьвязанае з радыяцыяй у Беларусі, цяпер няма.

Ганна Навумовіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org